Кандыдат ад БНФ Ілля Дабратвор атрымаў папярэджанне



Тэрытарыяльная камісія вынесла папярэджанне кандыдату ад Партыі БНФ Іллі Дабратвору. Кандыдату інкрымінавалася знаходжанне ў статусе даверанай асобы іншага кандыдата ад партыі, што забаронена паводле заканадаўства. «Мы атрымалі небяспечнае папярэджанне выключна з-за няўважлівасці,» — гаворыць кандыдат Ілля Дабратвор:

— Тут адбыўся тэхнічны брак: наш кандыдат у дэпутаты ад партыі БНФ Павел Старавойтаў не ведаў правілаў гульні. Ён упершыню ўдзельнічае ў выбарах і ён уключыў нас са спадаром Янукевічам даверанымі асобамі без нашай згоды. Цяпер мы працуем над гэтым. Учора я адразу ж падаў у 104-ю камісію адпаведную заяву.   

«Спадзяюся, што на мясцовым роўні камісія разбярэцца і зніме парушэнне,» — дадаў Ілля Дабратвор. Паводле беларускага заканадаўства за другое папярэджанне Дабратвор можа быць зняты з выбарчай гонкі. У выніку зняцца папярэджанне такую самую санкцыю могуць ужыць у дачыненні да Паўла Старавойтава, які ўнёс у свой спіс Янукевіча і Дабратвора. Кандыдат ад партыі БНФ балатуецца па Сенненскай акрузе Менскага раёна.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя