Караткевіч і Гайдукевіч – за дэбаты



У Белтэлерадыёкампанію паступілі заявы ад двух кандыдатаў у прэзідэнты на ўдзел у тэледэбатах. Свой намер паўдзельнічаць у іх выказалі Таццяна Караткевіч і Сяргей Гайдукевіч. Пра гэта паведамілі ў эфіры тэлеканала „Беларусь-1”. Паводле закона, дэбаты могуць адбыцца, калі аб сваім намеры ўдзельнічаць у іх заявілі як мінімум два кандыдаты.

Планы іншых двух кандыдатаў – Мікалая Улаховіча і Аляксандра Лукашэнкі, пакуль невядомыя.

Апрача дэбатаў, кожны з кандыдатаў мае па два паўгадзінныя выступы на радыё і тэлебачанні.

Кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка не будзе выступаць па БТ. Яго выступу 16 верасня няма нават у праграме тэлеперадач Белтэлерадыёкампаніі. Выступы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, згодна з лёсаваннем, павінны адбыцца 16-га і 23-га верасня ў жывым эфіры тэлеканала “Беларусь 1” ў 19.30.

У праграме перадач тэлеканала 16 верасня у час выступу кандыдатаў у прэзідэнты пакажуць праграму “Нашы”.

У прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі Еўрарадыё патлумачылі, што час для кандыдатаў на пасаду прэзідэнта выдзелены ўсім аднолькавы. Але як яны яго выкарыстоўваюць — гэта не клопат кампаніі.

Беларускае Радыё Рацыя