Хто цягне беларусаў у камуністычнае мінулае?



“Улада, якая выхавана “на камунізме”, не адмовіцца ад савецкіх ідалаў”, – лічыць палітык Вячаслаў Сіўчык.

Вячаслаў Сіўчык

Помнік Леніну, якія паставілі днямі ля Менскага трактарнага завода, яшчэ раз паказаў любоў улады да камуністычнай сімволікі. Час ідзе – погляды не змяняюцца. Чаму ўлады так трымаюцца за савецкае мінулае?

Вячаслаў Сіўчык: Беларускія ўлады маюць свой генезіс – тое, ад чаго яны паходзяць. І, на жаль, на ўзроўні ідэй і рэальнасці Ленін у нас яшчэ існуе. Улада, якая выхавана “на камунізме”, не адмовіцца ад савецкіх ідалаў. Гэта, безумоўна, прыкра, але такая рэальнасць. Адкрыццё помніка “правадыру” – гэта жахліва для многіх еўрапейскіх краін, якія перажылі жахі камуністычных часоў. Дарэчы, перажылі значна менш, чым Беларусь, бо наша краіна вельмі моцна пацярпела ў свой час ад камуністаў. І вось вам парадокс – менавіта ў Беларусі аднаўляюць помнік Леніну. На мой погляд, абсалютна невыпадкова і тое, што АМАПаўцы збівалі і здзекваліся ў аўтобусе над Змітром Дашкевічам, які выступіў супраць усталявання помніка. Гэта – пазіцыя ўлады. Але нам не трэба забываць пра тыя палітычныя рэпрэсіі, якія праводзілі камуністы, бо і сёння да іх могуць вярнуцца.

РР: У некаторых беларусаў таксама настальгія па савецкіх часах, па Леніну і Сталіну. Адкуль у іх такая любоў да гістарычных персанажаў-забойцаў?

Вячаслаў Сіўчык: Гэта звычайная з’ява для народа, які жыве ва ўмовах аўтарытарызма. Калі людзі не маюць свабоды і правоў, яны вымушаны слухаць прапаганду. А любая прапаганда можа вельмі лёгка атруціць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя