Кіраўнік „Беларуськалія” заганяе супрацоўнікаў на выбары 



9 верасня на першым рудніку ААТ „Беларуськалій” адбылася сустрэча кіраўніцтва прадпрыемства з інжынерна-тэхнічным персаналам – кіраўнікамі і начальнікамі ўсіх узроўняў гэтага рудаўпраўлення. Звычайных працоўных туды не паклікалі, затое прысутнічалі генеральны дырэктар Іван Галаваты, яго намеснік па ідэалагічнай працы і кадрах Анатоль Махлай і сам дырэктар першага рудніка Аляксандр Гарбачоў, перадае сайт ПЦ „Вясна„.

У ходзе сустрэчы генеральны дырэктар распавёў калектыву аб крызісных з’явах на сусветным калійным рынку і аб праблемах, якія могуць чакаць «Беларуськалій» у сувязі з цяжкасцямі ў эканоміках Бразіліі і КНР. Пасля гэтага Галаваты пакінуў мерапрыемства.

Потым пачаў выступаць Махлай. Тэма яго выступу тычылася прэзідэнцкіх выбараў. Сэнс прамовы зводзіўся да наступнага: мы жывем добра, вакол нас адны праблемы, а ў нас спакой і стабільнасць, нашай краіне не трэба ніякага іншага кіраўніка, вы павінны зрабіць свой выбар, і вы ўсё ведаеце, якім ён павінен быць. Фактычна на найбуйнейшым дзяржаўным прадпрыемстве краіны адміністрацыя ў працоўны час агітавалі за Лукашэнку, хоць афіцыйна старт агіткампаніі Цэнтрвыбаркамам яшчэ абвешчаны не быў. Да таго ж варта адзначыць, што Анатоль Махлай з’яўляецца намеснікам старшыні Салігорскай раённай выбарчай камісіі.

Канчатковую кропку ў сустрэчы паставіў дырэктар першага рудаўпраўлення Аляксандр Гарбачоў, які да таго ж узначальвае адну з участковых выбарчых камісій у Салігорску. Пасля непрыхаванай агітацыі за дзеючую ўладу Гарбачоў, груба парушаючы Выбарчы кодэкс, абвясціў усім прысутным аб уласным кантролі за яўкай ўсіх падначаленых яму работнікаў першага рудаўпраўлення на выбары:

Што я ад вас патрабую, як кіраўнік, і паспрабую максімальна гэта пракантраляваць, гэта яўка ў дзень выбараў на выбарчыя ўчасткі. Усе кіраўнікі будуць абавязаны ў дзень выбараў далажыць сваім кіраўнікам аб сваіх людзях, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, і якія не прыйшлі. Для гэтага зусім няшмат трэба з улікам наяўнасці мабільнай сувязі. А яшчэ лепш – не даводзьце справу да апошняга дня, калі хтосьці не ўпэўнены, што гэта ў яго атрымаецца ў дзень выбараў, – заявіў Аляксандр Гарбачоў.

Беларускае Радыё Рацыя