Кірыл Руды пакідае адміністрацыю Лукашэнкі



Памочнік кіраўніка Беларусі па эканамічных пытаннях Кірыл Руды паедзе працаваць паслом у Кітай, паведамілі БелаПАН некалькі крыніц і пацвердзілі ў органах дзяржкіравання.

Пасаду памочніка прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды заняў у чэрвені 2013 года. Калегі Рудага лічаць, што ён зрабіў значны ўнёсак у фарміраванне ў краіне макраэканамічнай стабільнасці.

„Руды першапачаткова стаяў на пазіцыі неабходнасці забеспячэння фінансавай стабільнасці і не быў прыхільнікам нястрымнай эмісіі. Ён „падносіў снарады”, якія фармавалі рашэнні, скіраваныя на забеспячэнне сённяшняй макраэканамічнай стабільнасці”, — адзначыў у каментарыі БелаПАН адзін з супрацоўнікаў дзяржорганаў.

Назіральнікі адзначаюць, што многія гады ў Беларусі рабіўся акцэнт на выкананні планаў і асваенні сродкаў, тады як Руды паставіў пытанне аб эфектыўнасці іх выкарыстання. „Гэта быў новы погляд, новае стаўленне да тэмы дзяржфінансаў. Кірыл Руды спрабаваў інакш паглядзець на гэтае пытанне з тым, каб павысіць эфектыўнасць выкарыстання ў краіне фінансавых рэсурсаў”, — сказаў суразмоўца.

Аднак беларускія суб’екты гаспадарання пакуль так і не прывыклі жыць ва ўмовах фінансавай дыеты, пра якую ў аднайменнай кнізе напісаў памочнік прэзідэнта, кажуць эксперты. „У Савецкім Саюзе даводзіліся планы, выдзяляліся грошы, асвойваліся, а потым — спісваліся. І вось гэты дух, што будзе як раней, застаецца”, — лічыць прадстаўнік фінансавых колаў.

У кнізе Рудага „Фінансавая дыета”, выданай у пачатку 2016 года, памочнік прэзідэнта акцэнтаваў увагу на тым, што дырэктыўнае размеркаванне рэсурсаў не прыносіць дзяржаве жаданага фінансавага і эканамічнага эфекту. „Фінансавы вынік (прыбытак, эканамічны рост) неабходны для эканомікі. Гэта як адчуванне шчасця. Як чалавек не можа доўга жыць без гэтага пачуцця, гэтак жа і эканоміка — доўга існаваць без фінансавага выніку. Таму калі яго няма, то гэта сігнал для выбару новага эканамічнага шляху”, — напісаў Руды ў заключнай частцы сваёй кнігі.

Кірыл Руды нарадзіўся ў 1978 годзе, у 2000-м скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт (БДЭУ). У 23 гады абараніў кандыдацкую дысертацыю па пытаннях валютнага рэгулявання. У 2002—2007 гадах працаваў намеснікам дэкана факультэта фінансаў і банкаўскай справы БДЭУ. У 2007—2012 гадах займаў пасаду дарадцы па гандлёва-эканамічных пытаннях пасольства Беларусі ў Кітаі. У 2012-м — абараніў доктарскую дысертацыю па пытаннях сусветнай эканомікі і міжнародных фінансаў. З чэрвеня 2013 працаваў памочнікам прэзідэнта па эканамічных пытаннях.