Крым пераўтвараецца ў рассаднік наркагандлю



Анэксаваны Крым імкліва пераўтвараецца ў рассаднік наркагандлю. Толькі за апошні год колькасць летальных выпадкаў на паўвыспе павялічылася ў разы. Цэнтрам наркатрафіку стала Ялта, некалі курортная сталіца Крыма.

2016-01-20_achromienka_krym_narkatrafic_1

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Ялцінскія гандляры наркотыкамі ўжо не саромеючыся рэкламуюць свой тавар проста на сценах дамоў у цэнтры горада. Побач з пералікам асартыменту кожны ахвочы заўсёды можа знайсці нумар мабільнага тэлефона ці інтэрнэт-адрас і замовіць патрэбны тавар, ад спайса да гераіна, у які заўгодна час сутак.

Выбух наркаманіі спарадзіў на анэксаванай паўвыспе тоесныя праблемы: кватэрныя крадзяжы, вулічныя рабаванні і ўгоны аўтамабіляў. Значна пабольшала злачынстваў супраць тых курортнікаў, якія яшчэ наважваюцца прыязджаць у Крым.

Характэрна, што выбух наркаманіі адбываўся таксама ў Абхазіі і ў Паўночнай Асеціі адразу пасля фактычнай анэксіі іх Расейскай Федэрацыяй. Эксперты звязваюць такі стан рэчаў з татальнай карупцыяй ў расейскай міліцыі і Федэральнай службай па кантролю за пазаконным абаротам наркотыкаў.

Тым беларусам, якія яшчэ плануюць адпачываць сёлета ў Крыме, варта падумаць, ці ехаць на анэксаваную паўвыспу.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота intrue.info