Леанід Дзейка: У 90-я быў не мёртвы парламент, а жывы арганізм



Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Леанід Дзейка распавядае пра тое, як «эвалюцыяніравалі» парламенцкія выбары за 26 гадоў.

Леанід Дзейка: Я абіраўся ў Вярхоўны Савет ў 1990 годзе, і тады ўсё грамадства ў Саюзе (у тым ліку, і ў Беларусі) было на ўздыме. У мяне ў акрузе было пяць супернікаў, была магчыма актыўная дзейнасць па вядзенні выбарчай кампаніі. Сустрэчы з выбаршчыкамі, агітацыйная праца, уключэнне прадстаўнікоў кандыдата ў выбарчыя камісіі… Мы за дзень праводзілі па 5-6 сустрэчаў у розных рэгіёнах, у працоўных калектывах. Пазней я даведаўся, што некаторыя людзі нават па ўласнай ініцыятыве вялі агітацыйную працу на маю карысць. І мы змагаліся за кожны голас! Зараз я гляджу на «эвалюцыю» выбараў і бачу, што адбываецца. Мяркую, ні для каго не сакрэт, які адбор праходзяць тыя, хто затым трапляе ў парламент. Раней такога не было — гэта праўда. А зараз жа пракантраляваць падлік галасоў немагчыма. Таму пра якія выбары можна казаць? Выбары – калі ўсё празрыста. Калі чалавек ведае, што ён аддаў голас і мае права назіраць і ведаць пра тое, як яго голас улічаны. Ніхто ж на гэта не ідзе. Вось вам і ўся «эвалюцыя».

РР: У 90-я гады былі рэальныя спробы пабудовы беларускага парламентарызму. Чаму сёння маем тое, што маем?

Леанід Дзейка: Пасля рэферэндуму 1996 года ўмацавалася «вертыкаль» улады, а Вярхоўны Савет, можна сказаць, «пахавалі». Раней парламент уплываў на жыццё краіны, а зараз ён наогул ні на што не ўплывае. Я не кажу, што ў яго няма ніякіх паўнамоцтваў, але пра рэальныя ініцыятывы мала хто і ведае. У 90-я выступы дэпутатаў Вярхоўнага Савета людзі глядзелі і ў прамой трансляцыі, і ў запісе. Праблемы абмяркоўваліся з розных бакоў, жыццё віравала. Гэта быў не мёртвы парламент, а жывы арганізм. Дзе ўсё гэта? Народ не ведае сваіх дэпутатаў, многія не ведаюць, што іх «абраннік» наогул зрабіў талковага за чатыры гады. Чаму ніхто публічна не пярэчыць кіраўніку краіны, калі той прымае няправільныя рашэнні? Чаму ўслых не заяўляюць гучна пра тое, што сёння ў першую чаргу хвалюе беларусаў? Вы чуеце пра гэта па дзяржаўным тэлебачанні? Чытаеце ў СМІ? Гэтага практычна няма. А можа быць, і ўвогуле няма.

РР: За гэты час змянілася і грамадства…

Леанід Дзейка: Так, у 90-я было складанае эканамічнае становішча, былі маленькія заробкі і пустыя паліцы ў крамах. Многія хацелі пераменаў да лепшага жыцця. Цяпер некаторыя сталі жыць добра, але ж мноства людзей таксама атрымліваюць капейкі. І незадаволеныя ўладай. Іншая справа, што большасць людзей, на мой погляд, ужо не вераць у выбары. Яны сталі абыякавымі да такіх палітычных працэсаў. Сённяшнія выбары можна параўнаць з каменем, які кінулі ў балота. «Боўць» – і ўсё ізноў сціхла.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя