Лінкявічус: Стратэгія ЕЗ у дачыненні да Беларусі ёсць



Стратэгія Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі ёсць і не без намаганняў з боку Літвы, заявіў на прэс-канферэнцыі ў Вільні 5 студзеня літоўскі міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус.

Лінас Лінкявічус

„Я думаю, што стратэгія ёсць і не без нашых намаганняў у тым ліку, — цытуе кіраўніка МЗС партал Delfi. — Раней было чаканне і назіранне за тым, што будзе, а яшчэ раней — будаўніцтва сцен і наогул ізаляцыя, што наўрад ці сябе апраўдала, бо гэтая ізаляцыя, як паказвае практыка, абмяжоўвае не функцыянаванне краіны, а абмяжоўвае сваё ўздзеянне, магчымасць для кантактаў. І мы даказалі тое, што кантакты і наша ўздзеянне на самой справе далі пэўны вынік”.

„І гэта частка стратэгіі — крыху раскрыцца, даць пэўную матывацыю для змен, аслабіць трохі сродкі націску, умоўна гэта таксама частка стратэгіі, — растлумачыў Лінкявічус. — Паспрабаваць зрушыць з месца парадак важных для Беларусі і для нас усіх пытанняў, да прыкладу мабільнасці. Пазіцыя Беларусі ў дачыненні да спрашчэння перамяшчэння змянілася. Я думаю, што гэта таксама частка стратэгіі”.

Паводле яго слоў, ніхто не плануе нічога рабіць за Беларусь: „Ніхто дакладна не плануе праводзіць за Беларусь рэформы або за іх выбіраць шлях, мы не можам і не павінны гэтага рабіць. Але з дапамогай кантактаў, супрацоўніцтва мы спадзяемся, што краіна будзе мяняцца. Гэта таксама частка стратэгіі. У гэтым выпадку мы будзем шукаць, як развіваць адносіны”.

Лінкявічус сказаў, што Арменія, якая ўвайшла ў Мытны саюз, тым самым аддаліўшыся ад Усходняга партнёрства, хоча стварыць спецыяльнае пагадненне з ЕЗ. З Беларуссю пакуль пра гэта не пачалі гаварыць, але, паводле яго слоў, у Беларусі таксама гэтага хочуць.

„Мы ім дапаможам. Любая форма, што падыходзіць для нашых суседзяў, мець зносіны з ЕЗ, размаўляць, знаходзіць агульныя інтарэсы, асабліва з умовай не забываць пра найважнейшыя прынцыпы і каштоўнасці дэмакратыі, не вяртацца да гвалту, што мы ўжо бачылі і не хочам, каб гэта паўтарылася. Гэта ўмова, а ўсё астатняе — частка стратэгіі, працэс. Я вельмі спадзяюся, што ён не будзе перапынены з-за нейкіх падзей, якія могуць адбыцца, і нам удасца працягваць у тым жа духу. Спадзяюся, што гэта атрымаецца”, — заключыў Лінкявічус.

belapan.com