Літва першай у Еўразвязе ўвяла „спіс Саўчанкі”



Літва стала першай краінай Еўразвязу, якая забараніла ўезд на сваю тэрыторыю фігурантам так званага „спісу Саўчанкі”.

Балтыйская дзяржава ўвяла санкцыі супраць 46 чалавек. Гутарка ідзе пра расейскіх суддзяў і пракурораў, якія звязаныя са справай Надзеі Саўчанкі і Алега Сянцова. Улады Літвы ўдакладнілі, што спіс можа быць дапоўнены ў кожны момант.

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус спадзяецца, што крок Вільні не застанецца незаўважаным іншымі краінамі Еўразвязу. Літва разам яшчэ з чатырма дзяржавамі прапанавалі распаўсюдзіць такія санкцыі на тэрыторыі ўсяго Еўразвязу. Гэта ідэя была прапанавана Бруселю. Аднак пакуль ініцыятыву не падтрымалі.

У самой Украіне ўжо дзеюць санцкцыі супраць 84-х чалавек, якіх Кіеў лічыць датычнымі да незаконнага пераследу  сваіх грамадзян. У спісе, сярод іншых – кіраўнік расейскага ФСБ Аляксандр Бортнікаў і так званая „пракурор” Крыма Наталля Паклонская.

Беларускае Радыё Рацыя