Літва ўручыла Беларусі ноту з нагоды парушэння паветранай прасторы (абноўлена)



Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла ноту часовай паверанай у справах Беларусі ў краіне Людміле Татарыновіч «з нагоды паветранага судна неўстаноўленага тыпу, якое 11 жніўня 2016 года парушыла дзяржаўную мяжу Літоўскай Рэспублікі ў паветранай прасторы з боку Рэспублікі Беларусь». Паведамленне пра гэта размешчана на сайце літоўскага знешнепалітычнага ведамства.

«Службы назірання за паветранай прасторай зафіксавалі, што 11 жніўня 2016 года ў 10-гадзін 37 хвілін (па часе Літоўскай Рэспублікі) паветранае судна неўстаноўленага тыпу, якое прыляцела з Рэспублікі Беларусь, два разы парушыла дзяржаўную мяжу Літоўскай Рэспублікі ў паветранай прасторы каля самакіравання Лаздзіяйскага раёна. Парушэнне паветранай прасторы Літоўскай Рэспублікі працягвалася да 10 гадзін 47 хвілін», — сказана ў паведамленні.

Міністэрства замежных спраў Літвы запатрабавала ад Беларусі «як мага хутчэй падаць тлумачальную з нагоды вышэйзгаданага інцыдэнту», а таксама заклікала прыняць усе неабходныя меры, каб у будучыні такія інцыдэнты не паўтараліся.

«Паводле інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь, у названы літоўскім бокам час у дадзеным раёне квадракоптарам „Фантом 3″ ажыццяўлялася аэраздымка для фільма-прэзентацыі абноўленага пагранічнага пераходу „Прывалка», — адзначаецца ў каментары прэс-сакратара знешнепалітычнага ведамства Дзмітрыя Мірончыка. Пры гэтым, адзначыў ён, «беларускім беспілотным лятальным апаратам не было дапушчана парушэнняў паветранай прасторы Літвы». Пра гэта «адназначна сведчыць» як відэазапіс, так і аўтаматычна захаваныя апаратам GPS-логі палёту, якія беларускі бок гатовы падаць літоўскім калегам.

Прадстаўнік МЗС даў зразумець, што Мінск не ўхваляе вынясенне Літвой гэтага пытання ў публічную сферу: «Хацелася б зазначыць, што ўсе неабходныя тлумачэнні па гэтым пытанні цалкам маглі б быць атрыманыя літоўскім бокам праз спецыяльна заснаваны механізм пагранічных упаўнаважаных дзвюх краін. Вывядзенне пытання на ўзровень знешнепалітычных ведамстваў толькі зацягвае працэдуру атрымання інфармацыі і дае падставу для неабгрунтаваных спекуляцый на адчувальную тэму бяспекі межаў і паветранай прасторы».

БелаПАН