Літва ўручыла Беларусі ноту



Літва ўручыла Беларусі ноту з нагоды магчымага інцыдэнту на Астравецкай АЭС, якая будуецца недалёка ад Вільнюса, паведаміў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

„Мы запатрабавалі даць інфармацыю аб інцыдэнце, які, магчыма, меў месца, і яшчэ раз падкрэслілі, што ў гэтым працэсе нам не хапае празрыстасці. Гэта ўжо другі раз — мы не ведаем, можа, яго (інцыдэнту) не было, але мы хочам інфармацыі”, — сказаў Лінкявічус .

Як паведамляе партал ru.delfi.lt, прэм`ер-міністр Літвы Альгірдас Буткявічус 8 чэрвеня заявіў, што не мае інфармацыі пра інцыдэнт на Астравецкай АЭС.

7 чэрвеня з`явіліся паведамленні аб тым, што Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы правярае інфармацыю аб інцыдэнце, які нібыта адбыўся на мінулым тыдні на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС.

Прэс-служба беларускага Мінэнерга ў адказ на гэтыя заявы літоўскага боку паведаміла, што „будаванне Беларускай АЭС вядзецца ў штатным рэжыме” і „ніякіх інцыдэнтаў пры вытворчасці будаўніча-мантажных работ у названы ў інфармацыі перыяд не было”.

„Кантроль за якасцю выканання будаўніча-мантажных работ на пляцоўцы Беларускай АЭС ажыццяўляецца ў адпаведнасці з устаноўленым рэгламентам”, — гаворыцца ў паведамленні ад імя міністэрства.