Лукашэнка і Пуцін папярэдне дамовіліся пра сустрэчу



„Праблемныя аспекты ў беларуска-расейскім узаемадзеянні” абмеркавалі ў тэлефоннай размове 9 лістапада Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

„Рашэнні па іх прапрацоўваліся ўрадамі дзвюх краін і будуць канчаткова прынятыя на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, якая, згодна з папярэдняй дамоўленасцю, адбудзецца на працягу наступных двух тыдняў”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы беларускага кіраўніка.

Лукашэнка і Пуцін таксама абмеркавалі пытанні міжнароднага парадку дня, у прыватнасці вынікі выбараў у ЗША і іх магчымы ўплыў на развіццё рэгіянальных і глабальных працэсаў.

Афіцыйны беларускі лідар расказаў калегу „і пра некаторыя падрабязнасці свайго нядаўняга візіту ў Блізкаўсходні рэгіён”.

Прэс-служба Крамля па выніках размовы коратка адзначыла: „Прэзідэнт Беларусі падзяліўся ўражаннямі пра свае нядаўнія візіты ў Катар і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — у гэтай сувязі закрануты актуальныя пытанні сітуацыі ў Сірыі і на Блізкім Усходзе. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абмеркавалі таксама графік асабістых кантактаў, якія маюць адбыцца”.

Як ужо паведамлялася, Менск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні кошту расейскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

БелаПАН

Фота tvc.ru