Лукашэнка хацеў бы пераўзброіць беларускую армію за кошт Расеі



На перамовах у Санкт-Пецярбургу 3 красавіка прэзідэнты Беларусі і Расеі „вельмі сур`ёзна” падышлі да абмеркавання пытанняў бяспекі з-за тэракту, які здарыўся ў той дзень у пецярбургскім метро. Пра гэта расказаў Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка на нарадзе аб праблемах і перспектывах развіцця навукі.

Відэафрагменты яго выступу размешчаныя на сайце прэзідэнта.

Паводле слоў Лукашэнкі, асноўную ўвагу бакі засяродзілі на абароне сваіх межаў. „Цяпер вельмі сур`ёзная абстаноўка на заходнім тэатры ваенных дзеянняў”, — дадаў ён.

„У Бішкеку мы працягнем гэтую размову (14 красавіка ў Бішкеку пройдзе пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. — БелаПАН.). І на Вышэйшым дзяржсавеце мы таксама акрамя пытанняў сельскай гаспадаркі, паставак прадукцыі ў Расею, прамысловай кааперацыі будзем абмяркоўваць пытанні бяспекі і абароны, асабліва ў святле маючых адбыцца вучэнняў „Захад-2017”, — сказаў прэзідэнт.

„Я хачу іх [Расею] пасунуць да таго, каб яны ўсё-такі падтрымлівалі нас у пераўзбраенні беларускай арміі. Прытым пераўзбраенні або за іх кошт, ці за малую цану. Мы не зможам за цяперашняе ўзбраенне з нашых сродкаў плаціць: у нас няма ні нафты, ні газу, а гэта ў асноўным крыніцы пераўзбраення”, — зазначыў Лукашэнка.

„Мы дамовіліся, у Савеце бяспекі Беларусі, што нам трэба, якія віды ўзбраенняў, і я яму [Пуціну] пра гэта сказаў. Праўда, ён адразу падскочыў: „А ты ведаеш, колькі гэта каштуе? „Я кажу:” ведаю, пра самалёты СУ-30 — ну, мільёнаў 20-25″. Так, кажу, добра, палову я заплачу. Таму што яны нам патрэбныя цяпер, нават цяпер. Таму што старыя мадэлі СУ і МіГі выходзяць з эксплуатацыі, і нам трэба больш сучасныя. Таму нам гэтыя пытанні вельмі важныя, якія тычацца бяспекі і абароны”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by