Лукашэнка: Люстрацыя – гэта гібель



„Люстрацыя — гэта гібель, гэта шаленства, якім будзе з верху да нізу прасякнутая ўся дзяржаўная машына”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 7 кастрычніка на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу 5-га і 6-га скліканняў.

Аляксандр Лукашэнка

„Люстрацыя, значыць выгнанне ўсіх цяперашніх дзяржаўных служачых і заняцце ўладных крэслаў дзеячамі апазіцыі па прыкладзе Украіны, калі яны (беларуская апазіцыя.) возьмуць уладу… яны не пратрымаюцца нават паўгода”, — перакананы Лукашэнка.

На яго думку, для правядзення люстрацыі неабходна „мець велізарны рэсурс кадравы за плячыма”. „Я гэта перажыў у сярэдзіне 90-х, калі пацаном стаў прэзідэнтам. Але мне тады хапіла розуму не павыганяць добрых спецыялістаў, якія гатовыя былі працаваць на краіну. Але я ўсю апазіцыю ведаю, таму кажу, што без люстрацыі яны не абыдуцца, а люстрацыя — гэта гібель”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён перакананы ў тым, што ў Беларусі люстрацыі не дапусцяць. „Занадта мы, у добрым сэнсе, далёка зайшлі, у тым ліку і ў адзінстве ўладных структур і нашага грамадства. Зламаць гэта ўжо будзе складана. Гэта прывядзе да абсалютна таго, што адбылося і адбываецца ва Украіне. Паўстае пытанне — нам гэта трэба? Мне — не. Калі камусьці трэба будзе з новых парламентарыяў, скажаце, абмяркуем”, — заявіў Лукашэнка.

belapan.by