Лукашэнка: Мы гатовыя да любога супрацоўніцтва з Грузіяй



Беларусь і Грузія не маюць супярэчнасцяў у палітычных адносінах, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас афіцыйных перамоў з прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі 1 сакавіка ў Менску.

„Мы заўсёды рады бачыць нашых грузінскіх братоў у Беларусі. У нас больш чым агульная гісторыя. На тэрыторыі Беларусі за яе вызваленне змагаліся тысячы грузінскіх грамадзян. Шмат, на жаль, загінула нашых братоў грузін, вызваляючы і абараняючы Беларусь. Гэта тая частка гісторыі, якая ніколі не забываецца і не можа быць забытая. Таму вы для нас вельмі блізкія людзі, і мы заўсёды з найвялікшай павагай ставіліся і ставімся не толькі да вашай гісторыі, але і да людзей, якія жылі на гэтым гераічным кавалку зямлі, імя якому сёння — свабодная і незалежная Грузія”, — заявіў Лукашэнка падчас перамоў з Маргвелашвілі ў фармаце” сам-насам”.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, Лукашэнка падзякаваў Маргвелашвілі за тую пазіцыю, якую займае Грузія ў міжнародных арганізацыях, падтрымліваючы Беларусь.

Асаблівую падзяку ён выказаў грузінскаму калегу за яго „шчырае інтэрв’ю” беларускаму тэлебачанню. „Людзі з вялікім натхненнем успрынялі гэтыя чалавечыя нюансы, калі вы расказвалі пра сваё асабістае, сямейнае, пра тое, што нават там ёсць нешта беларускае”, — дадаў Лукашэнка.

„Мы адчуваем, што ў нас добрыя адносіны, і мы на гэтай аснове гатовыя да любога супрацоўніцтва з Грузіяй, грузінскім народам. Мы заўсёды будзем рады вітаць і бачыць грамадзян Грузіі ў Беларусі і даваць ім усялякую падтрымку, садзейнічанне і ў адпачынку, і ў бізнесе”, — запэўніў ён.

Лукашэнка адзначыў, што за некалькі гадоў краіны „здзейснілі прарыў у адносінах”. Так, у 2016 годзе аб’ём гандлю паміж Беларуссю і Грузіяй вырас на 63% — амаль да 100 млн долараў, дасягнуўшы рэкорднага за апошнія пяць гадоў паказчыка. „Хай гэта яшчэ не той тавараабарот, які павінен быць і які мы акрэслілі, але паўдарогі мы прайшлі. Мы калісьці дамовіліся, што 200 млн долараў — гэта першая ступень, якую мы павінны дасягнуць у гандлі. Трэба аддаць належнае, што такіх тэмпаў росту ў нас няма ні з адной краінай. Больш за тое, гэта вельмі сур’ёзны прырост нават на фоне Еўразійскага эканамічнага саюза, дзе ў нас, на жаль, падзенне. Вядома, аб’ёмы не супастаўныя, але сама тэндэнцыя абнадзейвае”, — лічыць Лукашэнка.

Ён таксама заўважыў, што ў 2016 годзе паток беларускіх турыстаў у Грузію павялічыўся на траціну. „Думаю, што ў такім жа тэмпе мы і будзем супрацоўнічаць, прыўносячы ў нашы адносіны самыя-самыя добрыя і адчувальныя эмоцыі і ноткі. Мы ніколі не сябравалі з вамі супраць кагосьці і не збіраемся, але ў нас ёсць свае інтарэсы. І мы будзем свята шанаваць інтарэсы беларускага і грузінскага народаў, што грунтуюцца на глыбокай гісторыі нашых адносін і на іх гераічным мінулым”, — сказаў Лукашэнка.

belapan.by

Фота Віктар Талочка