Лукашэнка: Ніякага крызісу няма, крызіс у нас у галаве



Аляксандр Лукашэнка 16 лютага на нарадзе пра меры па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу заявіў членам урада, што не мае намеру адыходзіць ад сваіх перадвыбарных абяцанняў і праводзіць у краіне рэформы.

(Відэа belta.by)

„Я ўжо не раз падкрэсліваў, што нам трэба прытрымлівацца той палітыкі, якую мы абяцалі народу падчас перадвыбарнай кампаніі, — цытуе афіцыйнага лідара дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Некаторыя ва ўрадзе думаюць так: выбары скончыліся, прэзідэнта абралі, так, ён нешта абяцаў. Дык вось, за 20 гадоў я ніколі не адхіліўся ад таго, што абяцаў людзям! І ніякага адыходу ад таго, што абяцана ў перыяд прэзідэнцкай кампаніі, быць не можа”.

Лукашэнка паведаміў, што на сённяшнім пасяджэнні разглядаецца пакет прапаноў Саўміна па пераадоленні негатыўных тэндэнцый у эканоміцы, якія, паводле яго слоў, „сёння складаюцца па прычыне як знешняга, так і ўнутранага парадку”.

„Слухайце, у нас што, вайна? У нас што, катастрофа, землятрус, што мы павінны віляць, змяняючы пастаянна курс? Так, змяніліся ўмовы. Так, трошкі будзе больш складана. Але рэзаць па жывым людзей, адбіраючы апошнія грошы з кішэняў у паловы насельніцтва, нікому не дазволена! З гэтага зыходзьце!” — так Лукашэнка пракаментаваў прапановы, сутнасць якіх не называлася.

Пры гэтым ён прапанаваў ацаніць, наколькі эфектыўнымі могуць быць гэтыя меры „ў цяперашніх няпростых умовах”. „Пры гэтым хачу падкрэсліць: усялякія размовы, прабачце мне, што ператварыліся ў балбатню, з нагоды нейкага крызісу непрымальныя! Ніякага крызісу няма, крызіс у нас у галаве! Змяніліся ўмовы, па асобных кірунках змяніліся істотна. Ну і што? Гэта што, упершыню ў нашай гісторыі?! І не толькі нашай. Мы ведаем, як працаваць у гэтых умовах, як на іх рэагаваць”, — заявіў Лукашэнка.

„Больш за тое, і сітуацыя ў нас іншая. Асабліва пасля ўчарашняга прыняцця Еўрасаюзам адпаведных рашэнняў”, — сказаў ён, маючы на ўвазе зняцце санкцый ЕС з большай часткі чыноўнікаў.

Лукашэнка адзначыў, што прадстаўленыя яму на разгляд дакументы закранаюць „найважнейшыя сферы эканомікі і жыцця людзей”. „І мне вашыя рэформы зусім не патрэбныя, тыя, якія вы прапануеце! Мы павінны стварыць нармальнае жыццё для людзей, функцыянавання дзяржавы і нашага грамадства — вось што трэба. А то замест хлеба хочаце людзям даць нейкую рэформу!” — сказаў ён і дадаў, што ў Беларусі за 20 гадоў „пабудавалі дзяржаву, стварыўшы ўсё неабходнае для жыцця людзей”.

„Таму спыніце гэтую балбатню! Працягвайце ўдасканальваць матэрыяльную вытворчасць, і самае галоўнае — стварыўшы прадукт, прадайце яго! Вось і ўсе рэформы!” — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

„Галоўнае — гэта чалавек. Таму рашэнні, якія мы прымем па выніках абмеркавання, не павінны негатыўна паўплываць на сацыяльную сферу, — працягнуў Лукашэнка. — Я ўжо вам чыста адкрыта казаў, па-чалавечы, што калі мы узарвём сітуацыю ў краіне, вось гэтай стабільнасці, спакою… Вы ж паглядзіце, што вакол робіцца! Няўжо вы гэтага не бачыце? І, калі мы ў шэраг станем з тымі, хто падарваў гэтую сітуацыю ў краіне, дэстабілізуем яе, нам спатрэбіцца ў дзесяць разоў больш грошай, каб выруліць з той сітуацыі”.

belapan.by