Лукашэнка паабяцаў зрабіць усё, каб спыніць вайну ва Украіне



Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з патрыярхам Маскоўскім і ўсёй Русі Кірылам паабяцаў зрабіць усё магчымае для спынення ваенных дзеянняў ва Украіне.

„Мы браты – расейцы, беларусы, украінцы – мы ад аднаго кораня. Нам балюча, калі адбываецца бяда ў нашых братоў. Мы будзем усё рабіць для таго, каб неяк змякчыць сітуацыю, а калі магчыма, і спыніць гэтую брата-забойчую вайну”, – заявіў беларускі лідар.

У Свята-Духавым саборы ў Менску прайшло набажэнства, якое ўзначаліў патрыярх Маскоўскі Кірыл.

Патрыяршае набажэнства было прысвечана дню памяці Усіх Беларускіх Святых. У словах падзякі Патрыярх згадаў гісторыю кіеўскага князя Уладзіміра, які хрысціў Кіеўскую Русь:

– Дзяржавы ў якіх нацыянальнае жыццё, што ўзвысілася хрысціянскай верай, стала прыносіць цудоўны плён. Усе мы з вамі з’яўляемся спадчыннікамі таго, што здзейсніў князь Уладзімір. Вось і сёння на абшарах гістарычнай Русі існуюць розныя дзяржавы, розныя народнасці, але паводле яго, мы ўсе праваслаўныя, усе адна Божая царква, нас яднае духоўная лучнасць.

Хоць усе іерархі гаварылі па-расейску, трэці канал беларускага тэлебачання, які трансляваў набажэнства, каментаваў па-беларуску.

Патрыярх Кірыл у Менску асвяціў таксама духоўную акадэмію, а сёння ён правядзе шэраг багаслужбаў у Берасці.

Беларускае Радыё Рацыя