Лукашэнка падмануў выбаршчыкаў?



Пытанне павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі будзе вырашацца толькі з улікам меркавання людзей, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця краіны.

Ён нагадаў, што яшчэ ў перадвыбарчы перыяд казаў пра тое, што пенсійны ўзрост прыйдзецца павышаць, піша БелаПАН. „Нам трэба яго павышаць, але людзі гэтага не хочуць. Таму ў нас у краіне невялікія пенсіі. Мы сёння маем той пенсійны фонд, які маем”, – падкрэсліў Лукашэнка.

На яго думку, у любым выпадку пытанне павышэння пенсійнага ўзросту можа „вырашацца праз людзей”.

„Мы павінны параіцца з імі, будзем іх пераконваць, прасіць іх згоды”, – сказаў Лукашэнка. „Мы папросім у іх падтрымкі. Пагодзяцца – правядзем змены. Не – значыць не”, – заявіў ён.

„Мы ўсюды пішам – дзяржава для народа. Так давайце слухаць народ”, – рэзюмаваў прэзідэнт.

Аднак блогер Віктар Малішэўскі нагадаў, што казаў Лукашэнка перад выбарамі менавіта пра пенсійный ўзрост.

Кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў перадвыбарчы перыяд, 27 жніўня:

Гэтая тэма (павышэння пенсіённага ўзросту) нават не разглядаецца. Мы наогул да гэтага пытання не падыходзілі„.

Кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў перадвыбарчы перыяд, 24 лiпеня:

„Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанне пенсійнага ўзросту ў Беларусі, падкрэсліўшы, што ён павышацца не будзе. „Гаворка сёння не ідзе пра гэта, і ўздымаць гэтае пытанне няма чаго„”.

Ад „… тэма не разглядаецца” і „… гаворка пра гэта не ідзе” да „… прыйдзецца павышаць” – дзевяць дзён пасля выбараў, так, – піша Малішэўскі.