Лукашэнка – першы і надалей апошні прэзідэнт



Роўна 21 год таму Аляксандр Лукашэнка быў абраны першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнцкія выбары 1994 года, як адзіныя ў гісторыі незалежнай краіны, прайшлі ў два туры.

Пачаткова сваё жаданне пазмагацца за найвышэйшую пасаду ў дзяржаве выказалі 19 прэтэндэнтаў, у выніку афіцыйна зарэгістравалі толькі шасцёх. У другі тур выйшаў Лукашэнка і прэм’ер-міністр ураду з 1990 па 1994 гады, вылучэнец наменклатуры, Вячаслаў Кебіч, паміж імі нават адбыліся дэбаты.

10 ліпеня 1994 года Аляксандр Лукашэнка перамог, набраўшы 80,1% галасоў. Тыя выбары называюць адзінымі дэмакратычнымі. 20 ліпеня адбылася інаўгурацыя, у час якой пад бел-чырвона-белым сцягам і з трыбуны з “Пагоняй” Лукашэнка абяцаў сумленна служыць беларускаму народу. Але ў наступныя гады краіну чакалі два рэферэндумы, якія змянілі як дзяржаўныя сімвалы з нацыянальных на савецкія, так і саму Канстытуцыю. Аляксандр Лукашэнка застаецца не толькі першым, але да гэтага часу пакуль апошнім прэзідэнтам краіны.

На думку Станіслава Шушкевіча, які ў 1994 годзе таксама быў адным з канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах, многія маладыя людзі, якія нарадзіліся пазней, маюць “знявечанае” ўяўленне пра сапраўдную незалежнасць:

Дапамагчы можа толькі сапраўдная адукацыя, якой у нас няма. Дарэчы, цяпер адукацыя атрымліваецца і праз СМІ, і праз Інтэрнэт, але гэтае поле збольшага занятае прапагандысцкімі сродкамі, прапагандай рэжыму. І можа скласціся ўражанне, што ў нас і разумных людзей няма, бо паглядзіце на некаторыя заявы Лукашэнкі, якія ён сам пасля і выпраўляе. Калі пры нармальных умовах адукацыі на гэта звярталі ўвагу, то ўсё было б добра, а так мы жывем як пры Савецкім Саюзе. Я таксама нарадзіўся праз 17 гадоў пасля 17-га года і быў перакананым савецкім чалавекам, так і цяпер пакаленне са знявечаным уяўленнем пра тое, што такое незалежная Беларусь.

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч, які ў 1991-1994 гадах быў старшынём Вярхоўнага Савету, кажа, што не лічыць 1994 год пераломным, для яго гэты пералом наступіў значна раней, яшчэ ўлетку 1993 года, калі стала зразумелым, што старая намеклатура мае ўсе падставы вярнуць сабе ўладу, ачуняла пасля жнівеньскага путчу, але на рэфармаванне яна не ішла. “Але шырокія масы могуць жыць лепей толькі ў выніку рэфармавання. Я быў прыхільнікам рэформаў. Таму я не чакаў тады вялікага шчасця, да таго часу я быў ужо абсалютна свядомым чалавекам”, – кажа Шушкевіч:

Я даволі позна прачытаў эсе Гавэла “Сіла бяссільных”. І думаю, што і ў нас знойдзецца беларускі, рускі, украінскі Гавэл, які пакажа, як могуць дысідэнты пераўтварыць свет. Яны і пераўтварылі яго ва Ўсходняй Еўропе, а выключэннем з’яўляюцца Беларусь, Украіна, у пэўным сэнсе Малдова.

Гісторык Валянцін Голубеў, які ў 1991-1995 гадах быў намеснікам старшыні Беларускага Народнага Фронту:

65D9400E

За гэтыя 20 гадоў, якія прайшлі, адбылося станаўленне Беларусі. Але вось гэтае станаўленне Беларусі як дзяржавы апынулася непарыўна звязаным ні з Парламентам, які прымаў рэшэнні, ні з апазіцыяй БНФ, ні з дэмакратычнымі сіламі, а з Аляксандрам Лукашэнкам, які ўвесь гэты час займае пасаду першай асобы ў дзяржаве. І многія людзі, не будучы палітыкамі, яны не бачаць альтэрнатывы, асабліва моладзь, якая 20 гадоў таму, 10 гадоў таму пайшла ў школу і ў падручніках было напісана “Беларусь і Лукашэнка”. І ў галовах у іх так і ёсць, што Беларусь і Лукашэнка – гэта тое самае. А па вялікім рахунку, калі б не абралі Лукашэнку, то і Беларусь засталася як дзяржава, а нават, пэўна, лепш і больш дынамічна развівалася.

Валянцін Голубеў выказвае меркаванне, што на сённяшні дзень не эканамічныя пытанні, а знешнепалітычная сітуацыя ўплывае на свядомасць беларусаў:

Прыклад Украіны больш паказальны і больш уплывовы на думкі людзей. Беларусы гатовы жыць цяжэй, але хочуць стабільнасці і не хочуць вайны. Баяцца яны, хто баіцца ўсходу, а нехта – Захаду. Лукашэнка ж, разумна выкарыстаўшы гэтую сітуацыю, выступіў гарантам незалежнасці Беларусі, гарантам недапушчэння ваенных дзеянняў. Многія людзі лічаць, што цяпер гарантам захавання стабільнасці і ёсць Лукашэнка.

Пакуль жа, як у сваю чаргу дадае Станіслаў Шушкевіч, “у нас праблема ёсць адна, “што мы маем неадукаванага дыктатара, які “дзержымордаўскімі” захадамі намагаецца ўтрымаць нейкі парадак, але гэты парадак прыбліжаецца да парадку на могілках”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя