Лукашэнка прыняў шэраг кадравых рашэнняў



Аляксандр Лукашэнка 12 мая прыняў шэраг кадравых рашэнняў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Памочнікам прэзідэнта — інспектарам па Гомельскай вобласці прызначаны Юрый Шулейка.

Дадзеная згода на прызначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Лукашэнка ўхваліў прызначэнне на пасаду старшыні Аршанскага райвыканкама Леаніда Пянькоўскага, Пастаўскага райвыканкама — Сяргея Чэпіка, Расонскага райвыканкама — Уладзіміра Быкава, Ушацкага райвыканкама — Уладзіміра Аўдошкі, Чашніцкага райвыканкама — Леаніда Пляшко, Шаркоўшчынскага райвыканкама — Дзмітрыя Ламакі, Хойніцкага райвыканкама — Анатоля Бандарэнкі, Бабруйскага гарвыканкама — Аляксандра Студнева.

Лукашэнка нагадаў новым кіраўнікам аб неабходнасці выканання задач па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва.

„Асноўныя пытанні, пра якія мы ўвесь час кажам, — гэта пытанні сацыяльныя, што пацягнуць за сабой эканоміку, — сказаў ён. — Цэны, зарплата, занятасць. Вырашаючы гэтыя пытанні, мы нікуды не падзенемся ад мадэрнізацыі прадпрыемстваў, ад стварэння новых працоўных месцаў. Ну і, адпаведна, заработная плата. Калі мы не вырашым сёлета праблему з узроўнем зарплаты, нам будзе немагчыма працаваць у будучыні. Нас людзі наогул не зразумеюць”.

„Ушчыльняйцеся, скарачайцеся, эканомце, але за кошт эканоміі, прадукцыйнасці працы мы павінны людзям даць нармальную зарплату. Дапамагчы ім зарабіць. Таму гэтыя тры пытанні пастаянна будуць на кантролі”, — дадаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы, адзначае прэс-служба, пацікавіўся сітуацыяй на вёсцы, асабліва ў Віцебскай вобласці, у сувязі з умовамі надвор’я. Яго праінфармавалі, што сітуацыя дастаткова складаная як з-за ападкаў, так і тэмпературы, што адмоўна ўплывае на тэмпы палявых работ. Разам з тым асаблівай шкоды ўжо засеяным плошчам замаразкі і снег не нанеслі.

„Вядома, трэба аператыўна пасеяць, але не на шкоду якасці. Гэта тычыцца перш за ўсё Віцебскага рэгіёна, — адзначыў Лукашэнка. — Але галоўнае не ў гэтым. Нам трэба мяняць севазварот. Калі ў нас ёсць раёны ў Віцебскай вобласці, дзе можна ў вялікіх аб’ёмах апрацоўваць збожжавыя культуры, то там трэба іх вырошчваць. У астатніх раёнах у кожнай гаспадарцы выбіраць толькі асобныя палі для таго, каб вырабіць камбікорм для буйной рагатай жывёлы. Усё астатняе трэба аддаваць пад травы і вырабляць малако”.

Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна зрабіць упор менавіта на тыя культуры, якія найбольш рацыянальна і эфектыўна выпрацоўваць у той ці іншай мясцовасці. Яшчэ адно даручэнне звязанае з актыўным укараненнем сучасных тэхналогій захоўвання кармоў.

„Будзе вельмі сур’ёзны націск з майго боку. Нам трэба тэрмінова змяніць севазвароты. Трэба пераходзіць на травы. Гэта маё цвёрдае перакананне. Трэба навучыцца рабіць добрыя кармы і атрымліваць ялавічыну. Вытворчасць якаснага малака вельмі рэнтабельная”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.