Лукашэнка: У Беларусі затрымалі баевікоў са зброяй



У Беларусі затрымалі баевікоў са зброяй, якія рыхтавалі правакацыю. Пра гэта паведаміў Аляксандр Лукашэнка сёння ў час размовы ў Магілёве з працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў кампаніі «Кронаспан».

Адказваючы на пытанне аднаго з работнікаў пра прычыны актывізацыі ў апошні час так званай пятай калоны і розных апазіцыйных структур, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Як паказала рэчаіснасць, яны не спалі (асобныя), яны паціху рыхтаваліся на выпадак, выбіралі момант».

«Яны не толькі не спалі. Мы ўжо некалькі дзясяткаў затрымалі (не тых, што ў аўтобусах, анархістаў з маскамі), якія трэніраваліся ў лагерах з зброяй. Дарэчы, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў. Астатнія лагеры — ва Украіне. па-мойму, у Літве ці ў Польшчы (не буду сцвярджаць, але недзе там), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Грошы ішлі праз Польшчу і Літву да нас. Мы літаральна ў гэтыя гадзіны затрымалі пару дзясяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй».

Ён адзначыў, што пасля грамадскасці будзе прадстаўлена больш шырокая інфармацыя аб дадзеным факце.

Ён таксама распавёў пра тое, як праваахоўнікам удалося даведацца пра існаванне падобных планаў. «Дзякуй, што ёсць беларусы і беларускі сапраўдныя, якія быўшы за мяжой — у Еўразвязе — папярэдзілі нас.

Жанчына прыйшла ў пасольства і папярэдзіла, афіцыйна напісала ліст: рыхтуецца правакацыя. І мы пачалі разбірацца. І сапраўды выйшлі на вельмі цікавыя рэчы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка краіны, цяпер трэба будзе дэталёва разабрацца, адкуль паступалі грошы, хто займаўся падрыхтоўкай, з якіх краін прыехалі адпаведныя людзі.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды гатовыя спыняць любую супрацьпраўную дзейнасць і бандытызм. «Беларусы хочуць жыць спакойна і гадаваць дзяцей. Нікому гэта вайна не патрэбна, і я яе дапусціць не магу. Трэба будзе – у першым шэрагу пайду з усімі блізкімі і роднымі. Але краіну мы на знявагу нікому не аддамо», – рэзюмаваў беларускі лідар.

У прэс-службе беларускага КДБ прапанавалі сачыць за сайтамі беларускіх праваахоўнікаў:

– Аляксандр Рыгоравіч у тым ліку сказаў, што праваахоўныя органы трохі пазней выдадуць усю інфармацыю, таму я вам рэкамендую проста сачыць за абнаўленнямі сайтаў праваахоўных структур Рэспублікі Беларусь.

РР: МУС, КДБ, хто гэтым канкрэтна займаецца?

– Усіх глядзіце.

Улада пачала інфармацыйную вайну супраць сваіх жа грамадзян, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

– Прапаганда і спецслужбы выкарыстоўваюць гэту самую матрыцу, ідзе застрашванне людзей самым прымітыўным чынам. Галоўнае цяпер збіць вось гэту хвалю актыўнасці, а калі постфактум высветліцца, што ўсё гэты было высмактана з пальца, то ўжо справа будзе зроблена. У перыяды палітычных абвастрэнняў заўжды ўлады і афіцыйная прапаганда выкарыстоўвалі такія грубыя, прымітыўныя страшылкі.

Палітычны аглядальнік прыгадаў, што найбольш паказальнай страшылкай была інфармацыя былога кіраўніка КДБ Сцяпана Сухарэнкі, які перад выбарамі 2006 года распавёў пра групу дыверсантаў, што збіралася «закінуць здохлых пацукоў у менскі вадаправод».

Калі пратэстная хваля спадзе, пра «лагер баевікоў пад Бабруйскам» забудуць гэтак жа як і пра «пацукоў у вадаправодзе» адзначыў Аляксандр Класкоўскі.

Беларускае Радыё Рацыя