Лукашэнка распавёў пра сваю мару



На пытанні асабістага характару, акрамя палітычных і эканамічных, адказаў Аляксандр Лукашэнка 6 верасня ў ходзе інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву ТАСС і тэлепраграме „Формула ўлады”, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Сярод іншага ў Лукашэнкі, у прыватнасці, пацікавіліся, пра што ён марыць. „Вы ведаеце, я хацеў бы, каб людзі ніколі, зазіраючы ў кашалёк або сваю кішэню, не думалі пра тое, што ім на нешта не хапае, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Заўсёды частцы народа чагосьці не хапае, гэта натуральна. А я б хацеў, каб людзі ў Беларусі ніколі гэтым не пакутавалі — вось яна, мая адзіная мара”.

Разам з тым ён выказаў меркаванне, што людзі павінны і самі думаць пра сваю будучыню і тады сваё жыццё можна забяспечыць. Кіраўнік дзяржавы прывёў канкрэтны прыклад: „Некалькі гадоў таму мною быў падпісаны ўказ і прынята рашэнне аб развіцці аграэкатурызму: каля трох тысяч прадпрымальных сем’яў стварылі ўласныя, лічыце, прадпрыемствы, пабудавалі вёскі, дамы, дзе адпачываць могуць ад дзесяці да пяцідзесяці-сотні чалавек. І гэтыя прадпрымальныя людзі жывуць нядрэнна. Чаму любы беларус не можа, паставіўшы перад сабой мэту, забяспечыць сябе і сям’ю, зарабіць? Можа”.

„І гэта мая мара, каб у нас у Беларусі, яшчэ раз падкрэслю, ніколі, зазіраючы ў кашалёк і кішэню, не перажывалі аб тым, што не хапае грошай. Я гэта зраблю”, — заявіў Лукашэнка.

Нагадаем, планы ўладаў Беларусі на мінулую пяцігодку прадугледжвалі рост да 2015 года сярэдняй зарплаты да 1.000 даляраў ЗША ў эквіваленце. Аднак у выніку яе памер аказаўся ўдвая меншым чым запланаваны і працягвае змяншацца.

Паводле звестак Белстата, рэальная зарплата (з улікам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі) у ліпені 2016 года ў параўнанні з ліпенем 2015 года паменшылася на 5,3%.

Зніжэнне рэальнай зарплаты ў гадавым вымярэнні назіраецца ўжо больш за паўтара года. У студзені 2016 года яна скарацілася на 2,6%, у лютым — на 4,6%, сакавіку — на 3,2%, красавіку — на 3,8%, маі — на 4,6%, чэрвені — на 4,5%.

Сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў ліпені 2016 года склала 745,8 дэнамінаванага рубля, або каля 375 даляраў ЗША.

belapan.by