Лукашэнка сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам ЕБРР



Дзелавыя партнёры цэняць Беларусь за сумленнасць. Пра гэта сёння заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Аланам Пію.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатовая і далей супрацоўнічаць з ЕБРР. Разам з тым Беларусь ніколі не абяцала еўрапейскім партнёрам таго, чаго не можа зрабіць.

„Мы не будзем да вас паддобрывацца, не будзем вас падманваць. Калі мы ўзялі на сябе абавязацельствы, мы, чаго б нам гэта ні каштавала, іх выканаем”, – сказаў ён.

Ён падкрэсліў, што такой палітыкі Беларусь прытрымлівалася ў самыя цяжкія часы свайго існавання як незалежнай рэспублікі. „І я бачу, што мы правільна робім. Нас цэняць нашы партнёры менавіта за гэта”, – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь і надалей будзе паводзіць сябе вельмі сумленна як партнёр. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок не пойдзе на праекты, якія не прыносяць карысць дзяржаве. Кіраўнік краіны растлумачыў, што разважае як чалавек дзяржаўны. На гэта ж арыентавана ўся вертыкаль улады.

„Нас народ выбраў для таго, каб абараняць інтарэсы дзяржавы. Але мы абсалютна не супраць прыватнага бізнэсу – адказнага бізнэсу, які дбае у тым ліку за дзяржаву, а не толькі спрабуе зарабіць у сваю кішэню”, – сказаў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што такіх адказных бізнесменаў у краіне дастаткова.

Пры ўсіх складанасцях, якія існавалі ва ўзаемаадносінах Беларусі з Еўрапейскім саюзам, ЗША, ЕБРР заўсёды супрацоўнічаў з Беларуссю, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Агульны аб’ём інвестыцый банка з 1992 года склаў каля 1,8 млрд еўра. „Магу толькі падзякаваць вам за гэта. Мы заўсёды знаходзілі агульную мову ў самых складаных умовах, сітуацыях”, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер сітуацыя змянілася, Беларусь можа весці больш адкрыты дыялог з ЕС, канстатаваў ён.

„Гэта добры сігнал, фактар і для нас, і для вас. Ёсць магчымасць нарошчваць наша супрацоўніцтва. Галоўнае, што Беларусь да гэтага гатова”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Віцэ-прэзідэнт ЕБРР Алан Пію у сваю чаргу адзначыў, што банк ўжо правёў вельмі вялікую працу ў Беларусі. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця шчыльна супрацоўнічаў з беларускімі кампаніямі і ўрадам, усталявалася высокая ступень даверу. Сёння ў ЕБРР паўстала магчымасць зрабіць у Беларусі яшчэ больш, і гэтыя перспектывы віцэ-прэзідэнт ЕБРР прапанаваў абмеркаваць кіраўніку беларускай дзяржавы.

belta.by