Лукашэнка: Трамп вярнуў амерыканскае грамадства да сапраўднай дэмакратыі



Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Дональда Джона Трампа з абраннем на пасаду прэзідэнта ЗША.

„Ваша перамога — сведчанне выбару амерыканскага народа на карысць палітыкі, якая грунтуецца на сумленнасці, адказнасці, пошуку пераменаў, — гаворыцца ў віншаванні, якое цытуе прэс-служба беларускага кіраўніка. — Сваёй актыўнай, шчырай і смелай пазіцыяй у ходзе перадвыбарнай кампаніі вы ўскалыхнулі амерыканскае таварыства, вярнуўшы яго да сапраўднай дэмакратыі”.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь у знешнепалітычнай дзейнасці заўсёды прытрымлівалася неабходнасці канструктыўнага супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі. „Спадзяюся, што пад вашым кіраўніцтвам нармалізацыя адносін паміж нашымі краінамі працягнецца”, — адзначыў ён.

Афіцыйны беларускі лідар пажадаў Трампу здароўя, энергіі і настойлівасці ў выкананні перадвыбарных абяцанняў.

У 2008 годзе Лукашэнка павіншаваў папярэдніка Трампа Барака Абаму, які выбраўся тады на першы прэзідэнцкі тэрмін (змест паслання не апублікаваны). Віншавання з пераабраннем Абамы ў 2012 годзе з Менска не было. Як патлумачыў тады кіраўнік прэс-службы кіраўніка беларускай дзяржавы Павел Лёгкі, у 2010 годзе Абама не павіншаваў Лукашэнку з перамогай на выбарах, „а ў дыпламатыі ёсць прынцып узаемнасці, ён прадугледжвае адпаведную рэакцыю”. Лукашэнка зрабіў у той час скандальную заяву: „23 кандыдаты было ці 25 у Амерыцы кандыдатаў у прэзідэнты. Вы іх ведаеце? Вы толькі чулі пра Абаму і Ромні, так? А астатніх толькі за спробу дыскутаваць з гэтымі двума „кітамі” перасаджалі ў турму. Вось і ўся дэмакратыя”.

Такая ж сітуацыя была і з Джорджам Бушам-малодшым: калі той перамог у першы раз у 2000 годзе, Лукашэнка яго павіншаваў, а праз чатыры гады — не. За два тыдні да пераабрання Буш падпісаў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які прадугледжваў увядзенне Злучанымі Штатамі санкцыяў у выпадку адмовы беларускіх уладаў спыніць пераслед апазіцыі і незалежных СМІ, расследаваць выпадкі палітычна матываваных знікненняў людзей.

belapan.by