Лукашэнка: У мяне старэйшы сын – чарнамазы такі



Беларусы не лічаць чачэнцаў чужымі людзьмі і не адчуваюць ў адносінах да прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці непрыязных пачуццяў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада ў Менску на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў і блогераў.

Тэму ўзаемаадносін прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў у Беларусі Лукашэнка закрануў, адказваючы на пытанне журналіста чачэнскага інфармагенцтва Грозны-інфарм Казбека Вахаева, які пацікавіўся эканамічным супрацоўніцтвам Беларусі і Чачні.

„Чачэнская Рэспубліка нашмат бліжэйшая, чым Сахалін, і мы не лічым вас чужымі людзьмі, — адзначыў беларускі кіраўнік. — Мне часта кажуць, што ў нас на вуліцах, калі сустракаюць” твар чачэнскай нацыянальнасці” — гэта не мой, а ваш тэрмін, — пашпарт ніхто не пытае. У нас усе людзі аднолькавыя”.

Тым не менш Лукашэнка расказаў пра выпадак з яго старэйшым сынам Віктарам: „Быў момант аднойчы, мне расказалі, гадоў пяць таму. У мяне старэйшы сын — чарнамазы такі. Ідзе ён міма Дом урада па вуліцы, да яго падыходзіць міліцыянер: ” Пакажыце свае дакументы” Ён дастае дакументы, а той: „Ой, прабачце!” Я потым кажу, а чаму так? А ён да каўказца, напэўна, падобны, адказваюць”.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі ганарацца адсутнасцю міжнацыянальнай варожасці. „Наадварот, я магу шмат і шмат расказаць пра чачэнцаў, якія ў мяне ў Службе бяспекі служылі, мае людзі яшчэ падтрымліваюць з імі адносіны”, — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

„У нас вельмі добрае ўражанне наконт вашых людзей — прыстойныя людзі. Не думайце, што ў нас да чачэнскага народа нейкія іншыя настроі. Вы — расіяне, вы — нашы людзі”, — падсумаваў Лукашэнка.

belapan.by