Лукашэнка: У нас супольнае з Расеяй войска на заходняй мяжы



У выпадку канфлікту з НАТА беларусы павінны першымі ўступаць у бой, каб даць магчымасць падцягнуцца войскам з заходніх абласцей Расеі.

Пра гэта заявіў Лукашэнка заявіў 7 чэрвеня на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія бяруць удзел у XVI сесіі савета кіраўнікоў вышэйшых органаў фінансавага кантролю дзяржаў – удзельніц СНД, паведамляе БелТА.

„Расейцы часта кажуць пра тое, што ля межаў Расеі разгортваюцца новыя кантынгенты НАТА. Трэба падкрэсліць, што перш за ўсё – каля нашых граніц, беларускіх межаў. Мы гэта бачым і прымаем без гвалту, без шуму адэкватныя захады”, – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

„Бачу, што і расейскае кіраўніцтва сёння дзейнічае ў гэтым жа ключы ў заходнім кірунку, маю на ўвазе, што ў нас супольная групоўка ўзброеных сіл на захадзе, якая гарантуе бяспеку нашай бацькаўшчыны – Беларусі і Расеі. І ў аснове гэтай групоўкі – часткі беларускага войска. У выпадку канфлікту яны першымі ўступаюць у бой і цягам кароткага часу сюды падцягваюцца часткі, засяроджаныя на захадзе Расейскай Федэрацыі”, – адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама заявіў: „Мы гэта не хаваем ад нашых заходніх не тое калегаў, не тое партнёраў, не тое апанентаў. Яны цудоўна ведаюць нашы дамоўленасці з Расеяй”.

„Я гэта кажу, каб вы зразумелі маю пазіцыю ў дачыненні да СНД. Беларусь заўсёды была ініцыятарам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, – адзначыў дыктатар. – Мы выступалі і будзем выступаць за рэальнае збліжэнне рэспублік былога Савецкага Саюза”.

„Калі мы будзем праз пэўныя замашкі ў пэўных дзяржавах кіраўніцтвамі асобных палітычных сілаў прытрымлівацца іншых прынцыпаў, то мы ніколі не знойдзем супрацоўніцтва паміж рэспублікамі, і паміж намі будуць узнікаць, як гэта цяпер ва Украіне і ў іншых частках СНД, сутычкі, не дай Бог, яшчэ і войны”, – заявіў Лукашэнка.

Нагадаем, што ў пачатку чэрвеня Расея перакінула дзве мотастралковыя брыгады да межаў Беларусі.