Лукашэнка возьме ўдзел у адкрыцці сесіі ПА АБСЕ ў ліпені ў Менску



Аляксандр Лукашэнка возьме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (ПА АБСЕ), якая пройдзе 5-9 ліпеня ў Менску. Пра гэта паведаміў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка 1 сакавіка на першым пасяджэнні рэспубліканскага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні сесіі ПА АБСЕ.

„5 ліпеня плануецца правядзенне сустрэчы кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам ПА АБСЕ, выступ прэзідэнта з прывітальным словам на ўрачыстым адкрыцці сесіі і прыём ад імя прэзідэнта Беларусі. Забеспячэнне гэтых мерапрыемстваў — наш прыярытэт”, — сказаў Андрэйчанка.

Ён адзначыў, што „мерапрыемства такога маштабу і ўзроўню праводзіцца ў нашай краіне ўпершыню”. „Яно дасць магчымасць павысіць ролю Беларусі ў пытаннях сусветнай палітыкі і бяспекі. Развіццё палітычнага дыялогу з парламентарыямі іншых дзяржаў адкрые новыя магчымасці па прасоўванні нацыянальных інтарэсаў нашай краіны, пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва”, — лічыць Андрэйчанка.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў паведаміў, што Нацыянальны сход Беларусі з 2003 года актыўна ўдзельнічае ў працы ПА АБСЕ. „За гэты час неаднаразова прымаліся рэзалюцыі, ініцыяваныя беларускім бокам. Упэўнены, што і сесія, якая мае адбыцца і ў якой возьмуць удзел прыблізна 700 дэлегатаў з 57 дзяржаў свету (не толькі Еўропы, удзел будуць браць дэлегаты ЗША, Канады), таксама будзе выніковай”, — сказаў Андрэйчанка.

Беларусь, паводле яго слоў, павінна правесці сесію „на высокім узроўні”, маштаб працы „патрабуе цеснай каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый”.

На сённяшнім пасяджэнні аргкамітэта будзе зацверджаны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні сесіі, склад міжведамаснай працоўнай групы, а таксама праект пагаднення паміж Нацыянальным сходам Беларусі і ПА АБСЕ аб правядзенні 26-й сесіі ў Менску.

Папярэдняя тэматыка сесіі ПА АБСЕ ў Менску — умацаванне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва для міру і працвітання ў рэгіёне Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Канчатковае ўзгадненне праграмы і тэматыкі адбудзецца 15-17 сакавіка падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта ПА АБСЕ Крысцін Мутанен.

belapan.by