Лукашэнка загадаў падтрымаць „незалежнікаў”



Аляксандр Лукашэнка абвясціў, каго падтрымае дзяржава на сёлетніх выбарах у Палату прадстаўнікоў. Па яго словах, кандыдаты на выбарах павінны трымацца прынцыпаў незалежнасці дзяржавы і дбаць пра дабрабыт насельніцтва.

Такую заяву кіраўнік Беларусі зрабіў 24 траўня на нарадзе па будучых парламенцкіх выбарах.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, ён загадаў скласці спіс крытэраў, па якіх дзяржава будзе вызначаць, каго з кандыдатаў падтрымліваць. Прычым дзяржаўная падтрымка будзе аказвацца кандыдатам незалежна ад іх палітычных поглядаў.

„Трэба на такіх кандыдатаў рабіць стаўку. Калі ім будзе патрэбна падтрымка — значыць, трэба іх падтрымаць. Усё роўна, да якіх палітычных плыняў яны будуць належаць. Галоўнае, каб гэта былі сумленныя і прыстойныя людзі”, — заявіў кіраўнік Беларусі.

Чакаецца, што будзе выпрацавана каля дзясятка прынцыпаў. Адным з такіх прынцыпаў Лукашэнка назваў незалежнасць Беларусі. Другім крытэрам ён назваў імкненне павышаць дабрабыт людзей без незразумелых радыкальных шокавых рэформаў, якія пашкодзяць насельніцтву.