Лукашэнка закрыў сход фразай „Беражыце сябе”



У Палацы Рэспублікі ў Менску завершыўся Пяты Усебеларускі народны сход, які пачаў сваю працу 22 чэрвеня.

23 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка выступіў з заключным словам на закрыцці форуму.

„Парламенцкія выбары значна паўплываюць на далейшы лёс краіны”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта ён заявіў, выступаючы на закрыцці V Усебеларускага народнага сходу 23 чэрвеня:

– Наш сход праходзіць у адказны перыяд – напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія таксама значна паўплываюць на далейшы лёс краіны. Чарговы раз хачу заявіць, ніхто акрамя беларускага народа не можа вырашаць як яму жыць, як развівацца, якім законам быць на нашай зямлі і якім будзе парламент і іншыя органы ўлады. Толькі беларускі народ будзе гэта вызначаць.

Пасля Усебеларускага сходу  Лукашэнка накіраваўся ва Узбекістан.

***

Першы дзень Сходу, 22 чэрвеня:

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць без „ломкі палітычнай сістэмы, якая склалася”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што „найважнейшай умовай для развіцця эканомікі з’яўляецца палітычная стабільнасць і спакой у грамадстве, забеспячэнне непарушнасці межаў і бяспекі людзей”. „Менавіта гэтаму закліканая служыць наша ўнутраная і знешняя палітыка, — сказаў Лукашэнка.

– Адразу хачу падкрэсліць – ніякай ломкі існай палітычнай сістэмы не будзе! Калі нехта  мае надзею пахіснуць нашую стабільнасць у перыяд такой важнай палітычнай кампаніі, як парламенцкія выбары, то гэтыя спробы трэба пакінуць. Мы надаём вялікае значэнне таму, якім будзе новы дэпутацкі корпус, каму народ выкажа свой давер. Я ўжо казаў, што не сумняваюся ў тым, што народ выбера самых дастойных.

Нагадаем, што парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня.

Лукашэнка заявіў пра неабходнасць „распранацца і працаваць”, а не захапляцца інавацыямі і IT – тэхналогіямі.

„Усё ў простым. Інавацыі, IT- тэхналогіі, прыватызацыі і іншае. Усё гэта зразумела. Мы ўжо гэта засвоілі. Але ўсё, і наша жыццё – у простым. Трэба распранацца і працаваць. Да сёмага поту. Не будзе гэтага – загінем”, – заявіў Лукашэнка.

„V Усебеларускі народны сход праходзіць цяпер, таму што яго трэба праводзіць тады, калі ёсць магчымасць падвесці „рэальныя вынікі працы за пяцігодку”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы з дакладам на сходзе 22 чэрвеня.

Сярод важных каштоўнасьцяў Беларусаў ён назваў сям’ю. „Мы не павінны дапускаць таго, каб з нараджэннем чарговага дзіцяці магчымасьці сям’і станавіліся горшымі”.

– Сёння ёсць пытанні з дзіцячымі садкамі, асабліва ў буйных гарадах, дзе ствараюцца новыя мікрараёны. Мы будзем будаваць садкі. Нашая задача – зберагчы станоўчую тэндэнцыю нараджальнасці насельніцтва і забяспечыць дэмаграфічную бяспеку.

„Не давяраем ўладам”, – больш за 550 грамадзянаў звярнуліся да Усебеларускага сходу. Зварот ініцыявалі людзі, якія лічаць, што іх грамадзянскія правы парушаныя. Падпісанты  таксама падтрымалі крытычныя высновы аўтараў звароту адносна эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі ў краіне.

* * *

Як да гэтага мерапрыемства ставяцца ў апазіцыі? Сваё меркаванне выказвае сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

Гэта з’яўляецца часткай выбарчай кампаніі. Гэта — частка выбарчага цырка, бутафорыі, якую беларускія ўлады выдаюць за выбары. І безумоўна яна будзе пачаткам агітацыйнай кампаніі праўладных кандыдатаў. Зрэшты, агітацыйная кампанія ўжо пачалася. Парушэнні заканадаўства праўладнымі кандыдатамі. Як падкрэсліваюць нашы незалежныя праваабаронцы, нават ЦВК у гэтым удзельнічае нахабным чынам калі піярыць Белую Русь і іншыя праўладныя структуры.

Народны сход мог бы лічыцца такім, калі б людзі самі, без ідэолягаў і мясцовых адміністрацыяў, вылучалі на яго дэлегатаў і тыя б ставілі задачы кіраўніку дзяржавы і ўраду. Так лічыць старшыня незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч:

Калі яны не выкананы і той і другі павінны сысці ў адстаўку, тады ёсць рацыя ва Усебеларускім народным сходзе. Калі гэтага няма, гэта проста імітацыя таго, што народ нібы падтрымоўвае  гэтую структуру, гэтую ўладу.

Усебеларускі народны сход – гэта выключна прапагандысцкае мерапрыемства. І болей у ім аніякага сэнсу няма. Такога меркавання прытрымліваецца старшыня партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін:

— Увогуле гэты орган не мае ніякіх заканадаўчых ці ўласных паўнамоцтваў каб нешта вырашаць. А па-другое, працэдура высоўвання туды кандыдатаў вельмі сумнеўная — не ўсе грамадзяне ў гэтым удзельнічаюць, а толькі адмыслова адабраныя калектывы робяць гэта па незразумелай схеме.   

Вядома, што у час Сходу кіраўнік дзяржавы выступіць з дакладам. Таксама мусібыць прынятая Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2020 года:

— Мне будзе вельмі цікава пачуць на гэтым Сходзе пра тое, чаму абсалютна правалілі папярэдні план, які прымаў 4 Усебеларускі сход? Не выкананы аніводзін паказчык. Максімальнае выкананне там 20 адсоткаў. І ніхто не ўзяў на сябе адказнасці: прэм’ер-міністра стаў кіраўніком Вышэйшай палаты Сената, ягоны намеснік стаў прэм’ерам. Як можна верыць таму, што сёння прыме гэты сход калі ўлада не панесла адказнасці за пастановы папярэдняга?  

У Сходзе прымуць удзел дзве з паловай тысячы чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Мерапрыемства пройдзе ў два дні. Белтэлерадыёкампанія будзе весці прамую трансляцыю.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя