Лукашэнка запатрабаваў павысіць якасць падручнікаў



Аляксандр Лукашэнка патрабуе павысіць якасць вучэбнай літаратуры.

Уручаючы 12 лютага дыпломы доктара навук і прафесарскія атэстаты навуковым і навукова-педагагічным работнікам, ён, у прыватнасці, заявіў: „Нам неабходныя якасныя падручнікі, я ўжо гэта паўтараю не першы раз. І абяцаю вам, што гэты год будзе пераломным. Я хачу, каб і начальнікі, і вы гэта пачулі. Хопіць пра гэта казаць! Няма добрых падручнікаў — не будзе дактароў і прафесараў ў будучыні”.

Для школ і ВНУ неабходныя якасныя падручнікі, і найперш па гісторыі, падкрэсліў Лукашэнка. „Яны павінны быць праўдзівымі, цікавымі, добра выкладзенымі і зразумелымі дзецям. Адказваць на вельмі важныя, істотныя пытанні развіцця нашай гісторыі”, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка выказаў незадаволенасць выкладаннем матэрыялу. „Павінен сказаць ўраду і Міністэрству адукацыі: вы проста нядбала, безадказна да гэтага падыходзіце! Па-наплявальніцку! Гэтага быць не павінна”, — абурыўся ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што даўно даваў даручэнне разабрацца з гэтымі пытаннямі. „Новае кіраўніцтва Міністэрства адукацыі прызначалася зыходзячы і з гэтага. Мы туды накіравалі намесніка міністра, які непасрэдна ведае школу. Літаральна на працягу трох месяцаў вы павінны будзеце мяне праінфармаваць аб выкананні даручэнняў і тых задач, якія ўжо наспелі перад школай”, — запатрабаваў Лукашэнка.

belapan.by