Лукашэнка зноў ляціць у Маскву (абноўлена)



Аляксандр Лукашэнка выправіўся з працоўным  візітам  у Маскву, дзе прыме ўдзел у пасяджэннях Савету калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Найбольш актуальнае для расейска-беларускіх дачыненняў пытанне – стварэнне ў Беларусі расейскай авіябазы – абмяркоўвацца не будзе, як паведамляюць афіцыйныя крыніцы.

Палітолаг Юры Чавусаў лічыць, што пытанне авіябазы толькі адтэрмінаванае, паколькі ў  Масквы зараз няма дастатковых эканамічных рычагоў уплыву:

– На палітычным парадку дня гэта пытанне ёсць. Але для Расеі, канешне ж, гэта знешнепалітычнае пытанне. І аднаго даручэння Пуціна недастаткова – патрэбна палітычнае пагадненне між дзвюма краінамі і па-ранейшаму ціснуць на Беларусь, каб яна гэта пагадненне падпісала. Хіба, Менск не бачыць у гэтым палітычных выгодаў, таму спрабуе круціцца, усялякім чынам адмовіцца ад невыгоднага для сябе пагаднення. У Расеі не хопіць сілаў, каб надавіць на беларускага хаўрусніка, перадусім – эканамічна.

Прэс-служба Крамля паведаміла, што Уладзімір Пуцін плануе правесці двухбаковыя сустрэчы з кіраўнікамі Казахстана і Кыргызстана. Пра падобныя сустрэчы расейскага лідара з іншымі ўдзельнікамі самітаў, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам, не паведамляецца.

* * *

Аляксандр Лукашэнка возьме ўдзел у самітах Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (ЕАЭС), якія пройдуць сёння ў Маскве.

Паводле інфармацыі прэс-службы Крамля, у пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ возьмуць удзел прэзідэнты Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расеі і Таджыкістана. „Падчас мерапрыемства запланаванае абмеркаванне ключавых пытанняў умацавання рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, эфектыўнага супрацьдзеяння міжнароднаму тэрарызму”, — паведаміла прэс-служба на мінулым тыдні.

Удзельнікамі саміту ЕАЭС будуць кіраўнікі Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расеі. Яны падвядуць вынікі першага года працы ЕАЭС і вызначаць арыенціры для далейшага развіцця саюза. „Мяркуецца, што будуць закранутыя пытанні развіцця нарматыўна-прававой базы, умацавання супрацоўніцтва з іншымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі і краінамі. Плануецца разгледзець шэраг арганізацыйных аспектаў, у тым ліку зацвердзіць новы склад калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі і бюджэт саюза на наступны фінансавы год”, — зазначалася ў паведамленні.

Паводле традыцыі падчас самітаў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін правядзе двухбаковыя сустрэчы са сваімі калегамі.

Гэта будзе ўжо другая на працягу тыдня сустрэча Пуціна і Лукашэнкі. Іх перамовы адбыліся ў Маскве 15 снежня. Насуперак прагнозам, Пуцін і Лукашэнка не абмяркоўвалі пытанне аб стварэнні ў Беларусі расійскай авіябазы — пра гэта паведамілі як афіцыйныя, так і неафіцыйныя крыніцы.

belapan.by