Лявон Вольскі сабраў у Сухараве паўтары тысячы людзей



Паўтары тысячы людзей сабраліся на выступ Лявона Вольскага на пленэры ў менскім мікрараёне Сухарава.

volski_na_pikece__1__logo

Канцэрт адбываўся насупраць гандлёвага цэнтра „Максімус” на вуліцы Сухараўскай. Сцэну ўсталявалі пад вялікай яблыняй.

13879305

Пікет быў прымеркаваны да гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. На працягу гадзіны музыка выканаў каля 20 песень.

13776045

Некаторыя гледачы былі ў кашульках з гербам „Пагоня” і нацыянальным арнаментам, а таксама з бел-чырвона-белымі сцягамі. Шмат хто прыйшоў паслухаць музыку з дзецьмі.

Выступ адбываўся ў межах кампаніі па зборы подпісаў за кандыдата Алеся Лагвінца. Таму Вольскім быў транспарант з надпісам „Подпіс за Лагвінца = подпіс за незалежнасць”.

Сам кандыдат у дэпутаты ад Руху „За свабоду” Алесь Лагвінец таксама прысутнічаў. Ён быў вельмі задаволены колькасцю людзей, а таксама арганізацыяй мерапрыемства:

– Фармальна адбываецца пікет па зборы подпісаў за маё вылучэнне, а рэальна канцэрт свята незалежнасці – канцэрт Лявона Вольскага. Мы бачым, што ўлады не збіраюцца праводзіць справядлівыя выбары, яны гуляюць у цырк. Мы таксама хочам стварыць магчымасці для задавальненняў, для адпачынку, для пазітыўных настрояў нашых людзей. Тое, як фармуюцца камісіі, тое, як паводзяць сябе ўладныя кандыдаты – гэта ўсё бачна. Фармальна гэта пікет, пікет – гэта масавы збор, а ў нас спеўны пікет – гэта масавы збор людзей для абмеркавання нейкіх пытанняў, гэта пікет па зборы подпісаў за мяне.   

На канцэрце прысутнічала каля двух дзясяткаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў у цывільным. Паблізу знаходзіўся мікрааўтобус, на даху якога былі ўсталяваныя відэакамеры. У канцы канцэрта супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным спрабавалі патрапіць у кватэру аднаго з найбліжэйшых дамоў, з якой падавалася электраэнергія для пікета і канцэрта. Міліцыянеры заявілі, што жыхары раёна нібыта скардзіліся на шум. Аднак ім не ўдалося трапіць у кватэру. Алесь Лагвінец заявіў, што мае намер адсочваць сітуацыю, каб у людзей, якія аказалі яму дапамогу, не ўзнікла праблем.

Фота: novychas.by

Сярод іншых прысутных — тэлевядоўца Юрый Жыгамонт, ён быў вядоўцам імпрэзы. Мастак Алесь Пушкін выставіў свае карціны. А таксама — пісьменнік Андрэй Федарэнка, былы палітвязень Віталь Каспяровіч, эканаміст Сяргей Чалы, паэтка Валярына Кустава ды іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя