Лёс санкцый ЗША будзе вызначаны пасля выбараў у Беларусі



Канчатковае рашэнне пра лёс санкцый ЗША ў дачыненні да Беларусі будзе прынятае паводле вынікаў парламенцкіх выбараў у краіне, заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд у праграме „Буйным планам”, якая была паказаная ўвечары 31 траўня на тэлеканале „Беларусь 1″.

Скот Роланд

Дыпламат не пагадзіўся з тым, што ў адносінах паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі зараз адбываецца працэс перазагрузкі. „Перазагрузка прадугледжвае, што мы неяк пачынаем з нуля. Я думаю, што нашы адносіны хоць за апошнія гады былі не самыя лепшыя, але таксама не былі на такім нізкім узроўні, што трэба карыстацца словам „перазагрузка”, — адзначыў Роланд.

Кажучы пра магчымасць поўнага зняцця санкцый, дыпламат заявіў, што ЗША хочуць бачыць у Беларусі прагрэс у галіне дэмакратыі і правоў чалавека. „Гэта асабліва важна сёлета, летам і восенню, калі будуць парламенцкія выбары. І мы даволі выразна сказалі, што хочам бачыць яшчэ прагрэс у гэтай галіне. І пасля гэтых выбараў паглядзім, як далей”, — сказаў ён.

Роланд адзначыў, што лічыць прынцыпы АБСЕ ў адносінах да выбараў „залатым стандартам для нас усіх”, і ў ЗША ўважліва сочаць за аналізам выбараў у розных краінах з боку Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ. „Я думаю, што ні ў якой краіне ў свеце няма дасканалай выбарчай сістэмы. Мы павінны імкнуцца да ідэалу, але мы людзі, а людзі памыляюцца”, — лічыць часовы павераны.

Пры гэтым ён адзначыў, што пры ацэнцы любых выбараў назіральнікамі БДІПЧ ў аснову заўсёды ставіцца іх празрыстасць. „Я думаю, што і для вашых выбараў у парламент сёлета [гэта актуальна]”, — заявіў дыпламат.

Адзначаючы пацяпленне ў адносінах паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі, Роланд, дыпмісія якога заканчваецца ў ліпені, сказаў: „Я рады, што тут быў у гэты перыяд. І мы ўсе адыгрывалі ролю ў гэтым, і Міністэрства замежных спраў, і еўрапейскія дыпламаты, і нашы дыпламаты, у Бруселі і Вашынгтоне. Мы ўсе бачылі магчымасці ісці да нейкіх паляпшэнняў у адносінах нашых краін. я рады, што гэты працэс пачаўся. Але я думаю, што ёсць яшчэ даволі далёкі шлях перад намі. Мы гатовыя, я спадзяюся, ісці далей”.

29 красавіка ЗША працягнулі прынятае пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі рашэнне пра змякчэнне санкцый у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў да 31 кастрычніка 2016 года. Санкцыі да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з таго часу перыядычна атрымлівалі прадаўжэнне. У санкцыйны спіс уваходзяць Беларускі нафтавы гандлёвы дом, канцэрн „Белнафтахім”, Belneftekhim USA Inc., ААТ „Белшына”, ААТ „Гродна Азот”, ААТ „Гродна Хімвалакно”, ААТ „Лакафарба”, ААТ „Нафтан” і ААТ „Полацк-Шкловалакно”.

18 траўня на сустрэчы з журналістамі паводле вынікаў чарговага візіту ў Менск намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк паведаміла, што ЗША зноў заклікаюць беларускія ўлады зрабіць захады для паляпшэння сітуацыі ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека. Каментуючы рашэнне пра працяг змякчэння санкцый, Брынк адзначыла: „Гэтая мера мае абмежавальны характар і залежыць ад далейшага развіцця падзей”. На пытанне, ці будуць адмененыя санкцыі, калі БДІПЧ АБСЕ станоўча ацэніць правядзенне запланаваных на 11 верасня парламенцкіх выбараў у Беларусі, прадстаўнік Дзярждэпартамента адказала: „Мы будзем глядзець і ацэньваць высновы БДІПЧ. Безумоўна, гэта будзе вялікім зрухам, калі БДІПЧ дасць добрую ацэнку выбарам”.

belapan.by