Магілёўскае ўпраўленне гандлю не прызнае Крым расейскай тэрыторыяй



У Магілёве чыноўнікі не рэкамендуюць прадаваць карты і глобусы, на якіх прыналежнасць Крыма адрозніваецца ад прызнанай сусветнай супольнасцю.

Крым

У канцы сакавіка першы намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) жыхар Магілёва Ігар Барысаў накіраваў скаргу ва ўпраўленне гандлю і паслуг, а таксама ва ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама, у якой запатрабаваў выключыць з продажу ў Цэнтральным універмагу глобусы з межамі дзяржаў, не прызнанымі Рэспублікай Беларусь. На глобусах Крым быў пазначаны як расійская тэрыторыя. Па сцвярджэнні палітыка, Беларусь прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і афіцыйна не прызнае анексію Крыма Расеяй, на што, паводле яго слоў, неаднаразова звяртаў увагу Аляксандр Лукашэнка.

„27 сакавіка 2014 года Генеральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю 68/262 (мае рэкамендацыйны характар), якая падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах і якая не прызнае змяненняў статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым і г. Севастопаля па выніках праведзенага 16 сакавіка 2016 года агульнакрымскага рэферэндуму”, — гаворыцца ў адказе намесніка начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага гарвыканкама Таццяны Абрамовіч, накіраваным 25 мая Ігару Барысаву.

Чыноўніца таксама паведамляе, што на падставе ліста ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама суб’ектам гандлю Магілёва даведзены рэкамендацыі пазбягаць продажу палітычных карт і глобусаў, на якіх тэрытарыяльная прыналежнасць Крыма адрозніваецца ад прызнанай сусветнай супольнасцю.

Раней Магілёўскае ўпраўленне ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама ў адказе Барысаву заявіла, што пытанні знешняй палітыкі не адносяцца да кампетэнцыі ўпраўлення. Заяўніку было рэкамендавана звярнуцца ў МЗС.

Глобусы з указаннем Крыма як тэрыторыі Расеі акрамя Цэнтральнага ўнівермага ў Магілёве прадаваліся ў гіпермаркеце „Гіпа”, дзе ў жніўні 2013 года можна было купіць і школьныя сшыткі з тэкстам гімна Расейскай Федэрацыі. Тады Барысаў звяртаўся да гарадскіх уладаў з пытаннем, чаму дзеці ў Магілёве выхоўваюцца „у традыцыях расейскай дзяржаўнасці, а не ў рамках беларускай дзяржаўнасці і культуры”. У хуткім часе гэтыя сшыткі зніклі з продажу ў гіпермаркеце.

belapan.by