Макей 10 верасня ажыццявіць рабочы візіт у Польшчу



Міністр замежных спраў Уладзімір Макей абмяркуе з польскім калегам Вітольдам Вашчыкоўскім „актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва”. Візіт Макея ў Польшчу адбудзецца 10 кастрычніка па запрашэнні польскага боку, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Візіт прымеркаваны да 25-годдзя падпісання Дэкларацыі аб добрасуседстве, узаемным прызнанні і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Польшчай. У ходзе візіту запланаваны сустрэчы Макея з Вашчыкоўскім і іншымі прадстаўнікамі кіраўніцтва краіны.

„У гэтым годзе адбылася прыкметная актывізацыя беларуска-польскага дыялогу. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, серыя візітаў у Беларусь міністраў замежных спраў, сельскай гаспадаркі, аховы прыроды, транспарту, марской гаспадаркі Польшчы, аднаўленне міжпарламенцкага дыялогу, інтэнсіўная праца міжурадавых камісій і галіновых рабочых груп”, — адзначылі ў прэс-службе.

Паводле звестак МЗС, па выніках студзеня—жніўня аб’ём тавараабароту паміж Беларуссю і Польшчай склаў 1 млрд 381,3 млн долараў супраць 1 млрд 249,3 млн у студзені—жніўні 2015 года (рост на 10,6%). Аб’ём беларускага экспарту ў Польшчу склаў 584,4 млн долараў (рост на 14%), імпарту з Польшчы — 796,9 млн (рост на 8,2%). Адмоўнае сальда склала 212,4 млн долараў.

Вашчыкоўскі наведваў Беларусь у сакавіку гэтага года.

belapan.by