Макей: Еўропа – асноўная крыніца інвестыцый у беларускую эканоміку



 „За апошнія гады на еўрапейскім вектары знешняй палітыкі бакамі зроблена больш, чым, умоўна кажучы, за два дзесяцігоддзі „санкцыйнай дыпламатыі”. Актывізаваныя кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях. Пашырана тэматыка ўзаемадзеяння з Еўразвязам”, — піша міністр замежных спраў Уладзімір Макей у артыкуле, прысвечаным 25-годдзю знешняй палітыкі незалежнай Беларусі, апублікаваным у часопісе „Беларуская думка”.

Ён адзначае, што „змяненне ўспрымання Беларусі з прычыны яе збалансаванай знешнепалітычнай лініі, у тым ліку па ўкраінскім пытанні”, спрыяла паляпшэнню адносін краіны з Захадам.

У 2014-2015 гадах, нагадвае Макей, бакі правялі шэсць раўндаў кансультацый па пытаннях мадэрнізацыі, перамоў па праектах пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі. У кастрычніку 2016-га Беларусь і ЕЗ падпісалі дэкларацыю аб партнёрстве дзеля мабільнасці, а ў лістападзе – адбыўся першы ў гісторыі візіт у Беларусь дэлегацыі камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕЗ у складзе пастаянных прадстаўнікоў усіх 28 краін — членаў Еўразвяза.

Акрамя таго, адзначае міністр, створана аснова для структураванага дыялогу ў межах Каардынацыйнай групы Беларусь — ЕЗ. „У маі 2015 года з Еўракамісіяй прынятая дамоўленасць аб супрацоўніцтве па механізме ранняга папярэджання ў сферы энергетыкі. У 2015 годзе Беларусь стала аўтарам новай флагманскай ініцыятывы па гарманізацыі лічбавых рынкаў краін — членаў ЕЗ і краін-партнёраў, ухваленай удзельнікамі ЕЗ і Усходняга партнёрства і прынятай да рэалізацыі”, — гаворыцца ў артыкуле.

Макей таксама звяртае ўвагу на пазітыўны зрух у двухбаковых адносінах Беларусі з дзяржавамі — членамі Еўразвяза.

Еўропа, гаворыцца ў артыкуле, застаецца другім па значнасці рынкам збыту для беларускіх тавараў. У агульным аб’ёме знешняга гандлю Беларусі ў 2016 годзе краіны ЕЗ склалі каля 22%, у агульным аб’ёме беларускага экспарту — каля 25%. „Дарэчы, за апошнія 20 гадоў пры ўсіх санкцыях, адсутнасці асноватворных дагавораў паміж Беларуссю і Еўразвязам узаемны гандлёвы абарот вырас у 40 разоў і яшчэ ў 2014 годзе склаў 20 млрд долараў. Прычым Беларусь — адна з нешматлікіх краін, якія маюць станоўчае сальда ў гандлі з ЕС (у 2016 годзе — 170 млн долараў)”, — падкрэслівае аўтар.

Паводле ацэнкі Макея, Еўропу можна лічыць і асноўнай крыніцай інвестыцый і крэдытных рэсурсаў у беларускую эканоміку. „За мінулы год з дзяржаў — членаў ЕЗ, перш за ўсё Вялікабрытаніі, Кіпра, Аўстрыі, Літвы, Польшчы, Нідэрландаў, Германіі, у Беларусь інвеставана 3,4 млрд долараў, што складае 39,4% усяго аб’ёму прыцягнутых інвестыцый, у тым ліку прамых — 2,9 млрд долараў, а гэта больш за 40% усіх прамых інвестыцый”, — адзначае кіраўнік МЗС.

Ён таксама звяртае ўвагу на тое, што адмена Еўразвязам большасці санкцый у дачыненні да Беларусі „адкрыла акно магчымасцяў для развіцця поўнафарматнага дыялогу з Захадам ва ўсіх сферах ўзаемадзеяння”, уключаючы доступ Беларусі да рэсурсаў міжнародных і еўрапейскіх фінансавых інстытутаў.

Ключавой задачай на перспектыву Макей назваў поўную нармалізацыю адносін і выхад на заключэнне базавага пагаднення паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам.

belapan.by