Уладзімір Макей: Дыялог на лініі Варшава-Менск аднаўляецца (абноўлена)



Візіт міністра замежных спраў Беларусі ў Варшаву – гэта несумненная змена ў польска-беларускіх дачыненнях, адзначае польскі бок.

uid_bfc9c81e496470457d3ddd766d7c45cb1409250201789_width_736_play_0_pos_0_gs_0_height_414

Уладзімір Макей сустрэўся з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім, а таксама з віцэ-прэм’ерам Польшчы Янушам Пехацінскім, які адказвае за эканамічную супрацу.

У польскім Міністэрстве эканомікі вынікі сустрэчы не разгалошваюць, кажа Івона Джагала з дэпартамента па грамадскіх сувязях Міністэрства эканомікі:

– Гаспадаром сустрэчы было МЗС, спадар прэм’ер таксама быў на гэтай сустрэчы ў сувязі з тым, што тэма сустрэчы была шырэйшай, а таксама ў кантэксце цяперашняй сітуацыі. Магу толькі пацвердзіць, што такая сустрэча адбылася.

Каментуючы візіт Уладзіміра Макея ў Варшаву былы еўрадэпутат Павел Коваль адзначае, што наступіла змена ў дачыненнях паміж афіцыйным Менскам і Бруселем:

– Неспадзяванай была гэтая актывізацыя дачыненняў паміж Еўразвязам і Беларуссю, элементам гэтага таксама з’яўляецца змена палітыкі Польшчы, невядома ў сувязі з чым гэта адбылося. Цяжка сказаць ці адаб’ецца гэта на стаўленні да правоў чалавека ў Беларусі.

Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў Польшчы, бакі дамовіліся пра актывізацыю супрацоўніцтва на лініі Варшава-Менск. Сярод тэмаў, якія закраналіся падчас сустрэчы, было супрацоўніцтва ў эксгумацыйных працах ва ўрочышчы Курапаты.

* * *

Канфлікт на ўсходзе Украіны і двухбаковыя адносіны абмеркавалі Радаслаў Сікорскі і Уладзімір Макей.

У Варшаве прайшла сустрэча міністраў замежных спраў Польшчы і Беларусі. Радаслаў Сікорскі асудзіў агрэсію Расеі супраць Украіны, у сваю чаргу Уладзімір Макей выказаў толькі агульныя словы пра мір ва Украіне. Варшаўскую сустрэчу кіраўнік беларускага МЗС успрыняў, як аднаўленне дыялогу Варшавы з афіцыйным Менскам:

– Мы дамовіліся ў перспектыве правесці асобную сустрэчу па тэматыцы двухбаковых адносінаў, гэта сустрэча канешне ж павінна быць старанна падрыхтавана. Але ў цэлым, як нам падаецца, ёсць абсалютна дакладнае ўзаемнае разуменне таго, што нам неабходна рухацца наперад, грунтуючыся на пазітыўнай атмасферы ў нашых адносінах – гэта як мне падаецца, самы галоўны, адзін з галоўных вынікаў нашай сустрэчы.

Менавіта ад сустрэчы Радаслава Сікорскага з тагачасным міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым у 2008 годзе пачаўся перыяд гэтак званай лібералізацыі, які быў згорнуты пасля разгону дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Беларускія чыноўнікі адказныя за рэпрэсіі былі ўнесеныя ў чорны спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ. Сярод найвышэйшых чыноўнікаў у гэтым спісе быў Уладзімір Макей, які ў 2010 годзе ўзначальваў Адміністрацыю Лукашэнкі. З чэрвеня гэтага году Макея выкрэслілі з чорнага спісу.

* * *

Польшча не пагаджаецца на чарговую эскалацыяю канфлікта ва Украіне. Мы расчараваныя тым, што эскалацыя наступіла пасля сустрэчы ў Менску, на якую мы так спадзяваліся, сказаў пасля сустрэчы з беларускім міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Польскі міністр Радаслаў Сікорскі адзначыў прагрэс у польска-беларускіх дачыненнях:

– Вядома, што ў нашых дачыненнях ёсць праблемы, але мы з’яўляемся суседзямі і таму добра, калі адбываюцца перамовы. Разлічваем, што будзе падпісана дамова ў галіне асветы, цешымся, што ў Менску быў прафесар Кунерт, і разлічваем на інтэнсіфікацыю гістарычнага дыялогу. Разлічваем на актуалізацыю дагаворна-прававой базы, некаторыя дамовы сягаюць яшчэ ў савецкія часы.

З двухдзённым візітам ў Варшаву прыбыў кіраўнік беларускай дыпламатыі Уладзімір Макей. Паводле неафіцыйных паведамленняў, гутарка пойдзе пра сумесныя польска-беларускія пераапрацоўчыя прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі. Чакаецца таксама сустрэча Уладзіміра Макея з прадстаўнікамі дзелавых колаў Польшчы.

* * *

Здвухдзённым візітам ў Варшаву прыбыў кіраўнік беларускай дыпламатыі Уладзімір Макей. Ён правядзе размовы з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім. Афіцыйна мэтай сустрэчы з’яўляецца абмеркаванне вынікаў сустрэчы ў Менску  прэзідэнтаў краінаў Мытнага звяза, высокіх прадстаўнікоў Еўразвяза і прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Не выключана таксама, што польскі міністр закране і пытанні двухбаковых адносін, у тым ліку пытанні малога памежнага руху з Польшчай.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае, што візіт беларускага міністра нечаканы, бо яшчэ нядаўна Макей быў у спісе неўязных на тэрыторыю Еўразвяза:

– Як так раптоўна Макей аказаўся ў Варшаве? Ці гэта чарговы флірт урада Туска з афіцыйным Менскам? Назіраем такія пэўныя змены, калі Лукашэнка кожны раз кажа, што ён прытрымліваецца сваёй „ненахіляемай” палітыкі. Палітыка Варшавы ды і Бруселя выглядае „нахіляемай”, бо ў Беларусі ва ўнутранай палітыцы ніякіх змен няма – палітзняволеныя там жа, дэмакратызацыі няма.

Падчас свайго візіту ў Варшаве міністр замежных спраў Беларусі сустрэнецца таксама з віцэ-прэм’ерам Польшчы Янушам Пехацінскім.

Паводле неафіцыйных паведамленняў, гутарка пойдзе пра сумесныя польска-беларускія пераапрацоўчыя прадпрыемствы на тэрыторыі Беларусі. Чакаецца таксама сустрэча Уладзіміра Макея з прадстаўнікамі дзелавых колаў Польшчы.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя