Максім Руст: Не ведаю, ці мае “PiS” план для Беларусі



У Варшаве праходзіць першае паседжанне новаабранага Парламента. У бліжэйшыя дні чакаецца прысяга новага Ураду. Якая будзе польская палітыка ў дачыненні да Беларусі? Палітолаг з Варшаўскага Універсітэта Максім Руст зазначае, што апошнім часам Беларусь не цешылася ўвагай з боку польскага Ураду:

 – Калі казаць менавіта пра Беларусь, тут два вельмі важныя аспекты. Па-першае, увогуле польская ўсходняя палітыка і палітыка Ураду ў дачыненні да Беларусі была на працягу апошніх двух-трох гадоў даволі непаслядоўнай. Не было палітыкі, якая б датычыла менавіта Беларусі. Другі аспект, гэта тое, што зараз, ці гэта будзе Польшча, ці гэта будзе Польшча, як складовая частка Еўразвязу, цяжка казаць, што была палітыка ў адносінах да Беларусі, таму што гэта будзе і так разглядацца праз прызму Украіны і Расеі.

2015-11-12_Zavalnia_Rust_Novy_Urad_fota

РР: “Права і Справядлівасць” ужо кіравала ў Польшчы ў 2005-2007 гадах. Тады, здавалася б, палітыка была паслядоўнай, гэта быў напэўна найбольшы перыяд падтрымкі беларускай незалежнай грамадскасці, адкрываліся праграмы. Цяпер можна чакаць акцэнтавання большай увагі на Беларусь?

Максім Руст: Параўноўваць цяперашнюю сітуацыю з той, якая была 10 гадоў таму вельмі цяжка. Калі мы паглядзім на Урад “Права і Справядлівасці” (тады гэта была кааліцыя), гэта быў 2006 год, гэты былі, якія, мы ўсе ведаем, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, і я лічу, што незалежна ад таго, хто б кіраваў 10 гадоў таму ў Польшчы, гэтыя праграмы былі б. І ў прынцыпе, тое, што атрымалася ў часах “ПіС” – гэта і навучальныя праграмы, праграмы падтрымкі беларускіх медыяў, яны таксама працягваліся “Грамадзянскай Платформай”. Але пра Беларусь з большага ў Еўропе ці ў Польшчы ўзгадваюць падчас прэзідэнцкіх выбараў, як гэта было 5 гадоў таму ў 2010 годзе ці сёлета. Але сама кіроўная партыя “Права і Справядлівасць” і сама сітуацыя змяніліся.

Усходнюю палітыку Польшчы можна падзяліць “да ўкраінскага Майдану” і “пасля ўкраінскага Майдану”. Польшча хацела стаць рэгіянальным лідарам, але пасля яна ішла ў мэйстрыме. Зараз, наколькі я чытаю, што кажуць людзі, якія плануюць, што будуць зноў міністрамі, яны хочуць новай ролі Польшчы, менавіта як рэгіянальнага лідара. Часам узгадваецца канцэпцыя Міжмор’я. Але ёсць пытанне, наколькі ў дадзенай геапалітычнай сітуацыі гэта будзе магчыма. Для мяне ёсць пытанне, ці ўвогуле новы польскі Урад зможа праводзіць нейкую канкрэтную паслядоўную ўсходнюю палітыку. Пытанне, якой будуць яе прыярытэты. Нават так, як “Права і Справядлівасць” паказваецца ў медыях, перадусім тое, што для іх вельмі важныя каштоўнасці, правы чалавека, але таксама, гэта розныя палітычныя бакі, розныя плыні, па-рознаму да гэтага падыходзяць. Тут пытанне: што мы называем „правамі чалавека” ці „дэмакратыяй”? Гледзячы на сітуацыю ва Украіне ці ў Расеі, для Польшчы пытанне: ці трэба зараз ісці такім чынам, што мы кажам, што вось дэмакратыя, правы чалавека і мы не размаўляем з беларускімі ўладнымі элітамі, ці лепш працягваць палітыку, якая ёсць, а гэта замарожаныя на чатыры месяцы санкцыі? Ці такі партнёр для Польшчы не лепшы ў дадзены момант? Але зараз ёсць яшчэ чатыры месяцы, калі можна будзе спраўдзіць беларускія ўлады, што яны могуць зрабіць з аднаго боку, і з другога боку, што зможа зрабіць беларуская грамадзянская супольнасць. Таксама ёсць пытанне, наколькі Польшча ў гэтым часе зможа ўвогуле нешта прапанаваць.

РР: Можа пытанне ў тым, наколькі Польшча зможа быць больш самастойным гульцом на міжнароднай арэне, а не проста сябрам Еўразвязу?

Максім Руст: Калі мы пагледзім на ўсе візіты прэзідэнта Анджэя Дуды, які выйграў выбары з партыі “Права і Справядлівасць”, яго першы візіт быў у Эстонію. Гэта можна патлумачыць тым, што Усходняя і Цэнтральная Еўропа будзе пунктам прыцяжэння для польскай замежнай палітыкі. Але я не ведаю, ці ў гэтага Ураду, які зараз будзе ў Польшчы, ёсць план для Беларусі. Але тое, што можа быць плюсам, Польшча хоча быць менавіта рэгіянальным лідарам і хоча адбудаваць сваю пазіцыю ў гэтай частцы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, таму што тут вельмі развітыя кантакты і вельмі салідная экспертная база. Пытанне: наколькі ў гэтага новага Ураду будзе магчымасць праводзіць такую палітыку ў сітуацыі, калі ёсць яшчэ Расея і ёсць Украіна? Пытанне: ці можна будзе займацца Беларуссю ў палітычным плане асобна?  

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя