Малаколькасны пратэст толькі ўзмацніць апатыю людзей



У асяродку дэмакратычнай апазіцыі ідзе актыўнае абмеркаванне ацэнкі парламенцкай кампаніі і яе магчымых вынікаў. Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч разам з прафсаюзным лідарам Генадзем Фядынічам ужо заклікаюць прыхільнікаў выйсці 12-га верасня на акцыі пратэсту. У апазіцыі пакуль няма адназначнай пазіцыі аб мэтазгоднасці вулічных акцый. “Няўдалы заклік выйсці на вуліцу можа прывесці да яшчэ большай апатыі,” – перакананы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

– Мы бачым тысячы і дзясяткі тысяч людзей, якія гатовы падтрымаць альтэрнатыву. Але самі гэтыя людзі на сённяшні дзень яшчэ баяцца пераходзіць да актыўных дзеянняў і выходзіць на несанкцыянаваныя акцыі. Калі на акцыю выйдзе няшмат людзей, калі на нейкай канкрэтнай плошчы збярэцца невялікая купка прыхільнікаў пераменаў – гэта толькі ўзмацніць апатыю людзей і няверу ў тое, што можна нешта зменіць.

“Альтэрнатывай можа стацца актыўная кампанія інфармавання аб сапраўдных выніках выбараў,” – дадаў Юрась Губарэвіч.

Палітык мяркуе, што асноўную стаўку апазіцыя мае зараз рабіць на працу з насельніцтвам і назіранне за выбарамі. Губарэвіч перакананы, што кансалідаваная дзейнасць апазіцыйных структур пасля выбараў будзе больш эфектыўнай за малаколькасны пратэст.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя