Малы памежны рух: з польскага боку усе дакументы гатовыя



29 верасня ў Менску адбылося чарговае пасяджэнне беларуска-польскай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах транспамежнага супрацоўніцтва.

На гэтае пасяджэнне ў Менск прыбыла польская дэлегацыя на чале з першым намеснікам міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Якубам Скібам.

1a7bb353-3e5d-4227-b9a6-4d7e2a94636a_w987_r1_s

Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Якуб Скіба (злева) і намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў

Падчас сустрэчы Якуб Скіба заявіў, што ўвядзенне беларускім бокам бязвізавага рэжыму для турыстаў, якія наведваюць «Аўгустоускі канал», Гародню і Белавежскую пушчу, паспрыяе больш эфектыўнаму выкарыстанню гэтых турыстычных раёнаў і ўносіць новую якасць у польска-беларускія дачыненні.

Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў, які ўзначальвае камісію з беларускага боку, паведаміў, што бакі маюць намер да 2017 году падпісаць «як мінімум пяць міжнародных дамоваў у сферы транспамежнага супрацоўніцтва».

Мяркуецца ўнесці змены ў беларуска-польскую дамову аб памежных пераходах.

Паводле Шастакова, на пасяджэнні прааналізавалі беларуска-польскае ўзаемадзеянне па мадэрнізацыі і рамонце прыгранічнай інфраструктуры, у тым ліку з дапамогай Еўразвязу.

Бакі таксама абмеркавалі перспектывы аднаўлення руху праз памежны пераход Дамачава-Славацічы, які быў прыпынены з прычыны аварыйнага стану моста праз Заходні Буг. А таксама абмяняліся інфармацыяй па рэалізацыі буйнамаштабнага інфраструктурнага праекту «Будаўніцтва дадатковага аўтамабільнага моста праз раку Свіслач паміж пунктамі пропуску «Бераставіца» і «Баброунікі».

Прадстаўнікі Беларусі і Польшчы выказаліся за ўмацаванне кантактаў у справе барацьбы з нарказлачыннасцю. Будзе створана падкамісія па выратаванні і абароне насельніцтва ва ўмовах надзвычайных сітуацыяў.

Ці ішла на сённяшніх перамовах гаворка пра малы памежны рух паміж Беларуссю і Польшчай?

На гэтае пытанне адказаў першы дарадца польскай амбасады ў Беларусі Марцін Вайцехоўскі.

«Гэта таксама абмяркоўвалася, але гэтыя перамовы былі больш глабальнымі — супрацоўніцтва на мяжы, супрацоўніцтва нашых памежных службаў, мытнікаў, памежная інфраструктура. Гэта найперш абмяркоўвалася на сённяшняй сустрэчы».

Што да малога памежнага руху, то паводле Марціна Вайцехоўскага, «тут пакуль нічога не мяняецца».

«Польшча, канечне ж, у гэтым зацікаўленая, і з нашага боку ўсе дакументы гатовыя. Ну, а пазіцыя Беларусі таксама вядомая. То бок яны нібыта таксама падтрымліваюць ідэю, але кажуць, што запусціць гэтую праграму пакуль не дазваляе інфраструктура».

Радыё Свабода