Мікалай Аўтуховіч: Яшчэ адзін тэст для ўладаў



Лідар камітэта падтрымкі прадпрымальнікаў «Салідарнасць» Мікалай Аўтуховіч распавёў, чаму Мінюст пакуль не даў адказу наконт рэгістрацыі іх арганізацыі.

autuhowic22

Мікалай Аўтуховіч: Пасля таго, як выйшаў месячны тэрмін, каб даць нам адказ, сам звярнуўся ў Міністэрства юстыцыі. Там пачалі круціцца, распавядаць, што, маўляў, зараз ідзе калегія, вырашаецца пытанне… У той дзень там наогул не было ніякай калегіі. На наступны дзень ізноў звярнуліся за адказам, кажуць ужо, што праз пяць дзён будзе.

РР: Няўжо вы верыце, што арганізацыю ўлады зарэгіструюць?

Мікалай Аўтуховіч: Я не магу сказаць пра нешта з упэўненасцю на 100 адсоткаў, бо ў дзеяннях улады часам няма абсалютна ніякай логікі. З аднаго боку такую арганізацыю, як наша, патрэбна было рэгістраваць. Бо мы да чаго ідзем? Каб развіваць малое прадпрымальніцтва, падымаць эканоміку. Ва ўсіх краінах малы бізнес – гэта залаты фонд, які фарміруе амаль увесь бюджэт. А ў нас гэты залаты фонд наадварот душаць. Міжнародны валютны фонд кажа, каб развівалі эканоміку, а тут прадпрымальнікам горла сціскаюць. Гэта антынародная палітыка.

РР: Што такі прафсаюз прадпрымальнікаў рэальна можа даць апошнім?

Мікалай Аўтуховіч: Ён можа даць аб’яднанне. А калі будзе аб’яднанне, то людзі будуць знаходзіцца пад абаронай такіх міжнародных структур, як, напрыклад, Міжнародная арганізацыя працы. І, наколькі вядома, менавіта гэтая арганізацыя не паставіла гэтым летам свайго подпісу, каб Беларусі далі крэдыт. МАП мае вялікі ўплыў, таму нам было б лягчэй працаваць і пераскокваць праз бар’еры. Іншая справа, што сама ўлада вельмі баіцца даваць вялікую свабоду прадпрымальнікам. А наша рэгістрацыя (нерэгістрацыя) – чарговы тэст для ўладаў. Ужо 10 кастрычніка даведаемся пра вынік тэставання.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя