Мікалай Дзядок: Улады прыстасоўваюцца да сітуацыі…



Былы палітвязень Мікалай Дзядок распавядае пра прысуд Эдуарду Пальчысу і прагназуе, чым можа закончыцца суд над Уладзіміра Кондрусем.

Мікалай Дзядок

Нагадаем, 28 кастрычніка Мінскі гарадскі суд прысудзіў блогера Эдуарда Пальчыса да абмежавання волі тэрмінам у 1 год і 9 месяцаў. Але ў ягоным выпадку дзень у СІЗА лічыцца за два, таму хлопец застаецца толькі адзін месяц «хатняй хіміі». Раней праваабаронцы прызналі Пальчыса палітвязнем.

РР: Чаму, на ваш погляд, вызвалілі Пальчыса, бо пракурор прасіў дастаткова вялікі тэрмін?

Мікалай Дзядок: Усё банальна – уладам трэба манеўраваць паміж Захадам і Расеяй. Я і раней прагназаваў, што Пальчысу дадуць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Асудзіць яго на рэальны тэрмін – гэта значыць атрымаць яшчэ аднаго прызнанага Захадам палітвязня, тым больш што незадоўга да прысуду з Дзярждэпартаменту ЗША адкрытым тэкстам сказалі: мы сочым за справай Пальчыса. У той жа час і апраўдаць блогера нельга было – гэта б дэвальвавала ўсю папярэднюю працу дзяржаўнай сістэмы. Таму абмежаваліся сімвалічным тэрмінам. Па прысудах палітвязням можна прасачыць дзяржаўны вектар палітыкі: калі прысуды жорсткія, то значыцца што ў дадзены момант адносіны з Расеяй важнейшыя. Калі мяккія – адносіны з Захадам важнейшыя.

Ну атое,  што запрасіў пракурор, увогуле не мае значэння. У такіх справах пракурор, следчы, нават суддзя – ніхто. Пракурор мог хоць 10 гадоў запрасіць, нікога „наверсе” гэта не цікавіць. Прысуды палітычным выносяцца на зусім іншым узроўні…

РР: Справа Уладзіміра Кондруся, здаецца, таксама перададзена ў суд. Ці азначае прысуд Пальчысу і Паліенку, што можна чакаць падобнага рашэння?

Мікалай Дзядок:  У справе Кондруся сітуацыя больш складаная, бо да яго нашмат меньшая ўвага грамадскасці. І аб ступені ўвагі міжнародных інстытутаў да Кондруся судзіць таксама немагчыма – асабіста я яе не бачыў. Але галоўнае ў іншым – праваабаронцы прызналі Кондруся палітвязнем. А гэта значыць, што калі яго асудзяць на рэальны тэрмін, уключацца міжнародныя механізмы абароны і, раней ці пазней, Захад так бы мовіць, „спытае” у Лукашэнкі і за гэтага вязня. Гэта па-першае. Па-другое, Кондрусь не з’яўляецца нейкім лідарам ці актывістам, таму ніякага ўнутранапалітычнага профіту ад яго „закрыцця” ўлада не атрымае. Прасцей даць “хімію” ды забыцца. Арыштавалі яго не мэтанакіравана, а, фактычна, па даносе журналістаў (дарэчы, гэтаму ўчынку журналісцкая супольнасць, на мой погляд, не дала належнай ацэнкі). Калі  б не данос – ён бы дагэтуль быў на волі. Проста сістэма адпрацавала па інфармацыі, бо не магла не адпрацаваць. Па гэтах прычынах, лічу, Кондрусь таксама атрымае “хімію” альбо ўмоўны тэрмін.

РР: Ці можна лічыць рэпрэсіўнай тактыку ўладаў, калі за краты не адпраўляюць, а выносяць прысуды з абежаваннямі ці даюць вялікія штрафы? І ці захаваецца такая сітуцыя і надалей?

Мікалай Дзядок: Такую тактыку, безумоўна, можна і трэба лічыць рэпрэсіўнай. “Хімія” (абмежаванне волі) – таксама не цукар. Чатыры парушэнні – і ты ў калоніі. Бывалыя зэкі называюць “хімію” „трамплінам у зону”. Знаходзячыся на “хіміі”, чалавек цалкам залежыць ад адміністрацыі, „навешаць” парушэнняў і адправіць чалавека ў зону для супрацоўнікаў установы – лягчэй лёгкага. Акрамя гэтага, усе апошнія “палітычныя” ўжо правялі ад 6 да 9 месяцаў на Валадарцы – што ўжо само па сабе пакаранне.

Не будзем забывацца, што акрамя палітвязняў больш „раскручанных” ёсць меней „раскручаныя” – тры антыфашысы з Брэста, якія атрымалі тэрміны да 6-ці гадоў і зараз сядзяць у калоніях. Антыфашыст Максім Ягнешка з Гародні атрымаў 3 гады хіміі „з напраўленнем”, 17-гадовы анархіст Андрэй Джамбурыеў – 3 гады хіміі „без напраўлення”, наперадзе суд над менскімі футбольнымі фанатамі-антыфашыстамі. Усе гэтыя справы злепленыя на роўным месцы, са звычайных вулічных канфліктаў ці самаабароны. Дастаткова сказаць што справа Джамбурыева спачатку была адміністратыўнай – „дробнае хуліганства”, але калі пра яе дазнаўся ГУБАЗ, з яе зрабілі „крыміналку”. А справа пенсіянера Лапіцкага, якога накіравалі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную лячэбніцу? А праваабаронцы Жамчужны і Бандарэнка, якія зараз адбываюць свае тэрміны ў калоніях?

Мы зараз бачым, як у новых умовах рэпрэсіўны апарат прыстасоўваецца і прыдумляе новыя формы прэсінгу, каб не прыцягваць увагі замежных полісімэйкераў. Тыя, пэўна, думаюць, што раз у турму не пасадзілі, то можна закрыць на гэта вочы – бо ня ведаюць нашых рэалій. Уладзе ж галоўнае – трымаць сітуацыю пад кантролем, бо там выдатна разумеюць – толькі адпусці „вожжы”, і сітуацыя з палітычнай актыўнасцю народу можа выйсці з-пад кантролю. Мой прагноз: улады будуць надалей вярцецца, як вуж на патэльні, але калі атрымаецца выхапіць крэдыт у МВФ ці Расеі, рэпрэсіўная палітыка ізноў узмацніцца – пойдуць рэальныя тэрміны тым, хто даўно „намыліў вочы” КДБшнікам і ГУБАЗу.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя