Мікалай Статкевіч: Дзякуй усім, хто запісаўся ў групу „ворага дзяржавы №1″



Палітзняволены Мікалай Статкевіч падзякаваў грамадзянам, якія ўвайшлі ў ініцыятыўную групу па ягоным вылучэнні кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 11 кастрычніка 2015 года.

Пра гэта ён напісаў жонцы Марыне Адамовіч у сваім лісце з Магілёўскай турмы №4, дзе адбывае пакаранне. Хоць група не была зарэгістравана Цэнтрвыбаркамам, аднак больш чым паўтары тысячы чалавек зрабілі мужны грамадзянскі ўчынак і не пабаяліся запісацца ў групу „ворага дзяржавы №1″ — жартуе Статкевіч у сваім лісце:

– „Ведаю, што цяпер запісвацца ў групы стала псіхалагічна больш складана з-за неабходнасці занатоўваць і пашпартныя дадзеныя. Вельмі не хацеў бы нікога падставіць, але ўпэўнены, што ўсё гэта было неабходна зрабіць, бо калі хоць неяк не выяўляць сваю нязгоду, то справа можа дайсці да расстрэлаў у турэмных падвалах. І гэта не такая ўжо неверагодная перспектыва, калі ўспомніць лёс Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара.

Наяўнасць мужных грамадзянаў — гэта адна з гарантый, што Беларусь не скоціцца да самых страшных сцэнароў мінулага. „Усё спыняецца толькі там, дзе яго спыняць вось такія людзі,” — піша Мікалай Статкевіч.

Зняволены палітык быў кандыдатам на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Пасля „Плошчы -2010″ – пратэстаў грамадзянаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў – ён асуджаны на 6 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле аб масавых беспарадках.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота statkevich.org