Мікалай Статкевіч: Галоўнае свята дзяржавы – фальшыўка



„У кожнай дзяржавы сярод афіцыйных святаў ёсць галоўнае, ключавое для яе. Для старых дзяржаў – гэта нейкая гістарычная падзея, якая грунтоўна паўплывала на лёс краіны. Для маладых дзяржаў – дзень незалежнасці”, – з нагоды святкавання ў Менску афіцыйнага „Дня незалежнасці” напісаў у „Фэйсбуку”  адзін з лідараў беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч. 

„Воляй одной асобы мы павінны святкаваць дзень незалежнасці Беларусі ў дзень вызвалення Менска ад нацыстаў. Усе выдатна ведаюць, што тады Беларусь не зрабілася незалежнай дзяржавай. Такім чынам, галоўнае свята дзяржавы, яе гістарычнае апірышча з’яўляецца фальшыўкай.

Але праблема не толькі ў гэтай хлусні. Я бачу тут вялікую подласць і знявагу памяці тых савецкіх салдатаў, якія загінулі пры вызваленні Менска. Большасці з іх і ў страшным сне не магло б прысніцца, што яны ваявалі і гінулі за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы.

Мёртвыя не могуць устаць з магілаў, каб абараніць ад падонка сваю годнасць, свой подзвіг і ахвяру. Гэта абавязак жывых. Але большасць беларусаў, занураная ў свае жыццёвыя праблемы, увогуле не думае пра такія праблемы. Тыя ж, хто разумее, пераважна таксама маўчаць. А то і робяць выгляд, што гэты цынічны падман і подласць – справа нармальная. Міжволі дэманструючы наяўнасць падобных рысаў у саміх сябе.

Дзяржава, якая ў сваёй гістарычнай аснове абапіраецца на хлусню і подласць, не можа быць устойлівай і нармальнай. Каб застацца, нам прыйдзецца вярнуцца да нармальнасці.”