Міхаілу Гарбачову 85 гадоў



2 сакавіка споўнілася 85 год Міхаілу Гарбачову – першаму і апошняму прэзідэнту СССР, былому генеральнаму сакратару ЦК КПСС, уладальніку Нобелеўскай прэміі міру 1990 году. “Я грукаў у дзверы гісторыі і яны адчыніліся перада мной,” – заявіў Міхаіл Сяргеевіч напачатку новага стагоддзя. З дзейнасцю Гарбачова звязаная маштабная спроба рэфармавання – перабудова. Яна скончылася распадам СССР і завяршэннем халоднай вайны. Перыяд кіравання Гарбачова ацэньваецца неадназначна.

Кажа экс-дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Аляксандр Дабравольскі:

– Размаўляў з ім неаднойчы. Калі пытанне стаяла прынцыповае, я падыходзіў да яго і нават спрачаўся. Дарэчы, ён быў чалавекам, з якім можна было гаварыць. У мяне такое ўражанне, што гэта чалавек, які змяніў свет. Не толькі сваю краіну і не дзеля таго, каб праславіцца ці нашкодзіць, як шмат хто кажа. Ён зразумеў, што ў гэтай сістэме ўжо няма рэсурсаў і трэба тэрмінова штосьці рабіць, інакш яна разваліцца.

Напярэдадні ў Маскве, у “Гарбачоў-фондзе”, адбылася прэзентацыя кнігі “Гарбачоў у жыцці”. Больш чым на 700 старонках – успаміны, інтэрв’ю, дакументы, лісты, артыкулы самога “чалавека-эпохі”. А таксама яго дарадцаў, дзеячаў культуры, журналістаў, іерархаў Расейскай праваслаўнай царквы.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота peoples.ru