Мікола Баўсюк наладзіў гарадзенскі пікет (абноўлена)



Ініцыятыўную групу па зборы подпісаў зарэгістраваў Мікола Баўсюк, лідар гарадзенскай абласной структуры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.  Ён вылучаецца кандыдатам па 52-ой Ленінскай Гарадзенскай выбарчай акрузе. Сабраць прэтэндэнту неабходна больш за тысячу подпісаў. Пра што кажа выбарцам лідар хрысціянскіх дэмакратаў Гарадзеншчыны?

– Мы многа мерапрыемстваў розных праводзілі па горадзе, у Салах дапамага, дзе праводзіцца вадаправод. Па дарогах, па медычных накірунках. Мы будзем людзям расказваць, што у час калі нават не было нашых людзей у дэпутатах, то мы ўсё адно рабілі такія справы. І калі б была такая магчымасць, і калі б былі сапраўдныя справядлівыя выбары і наш кандыдат мог бы стаць дэпутатам, мы б працягвалі гэтую працу – дапамагаць людзям у іх пасядзённым жыцці.

Першы пікет па збору подпісаў ужо прыходзіць ля супермаркету „Еўраопт”.  Дзевятнаццаць чалавек ініцыятыўнай групы Міколы Баўсюка маюць пасьведчаньні, каб праводзіць агітацыю і збор подпісаў грамадзянаў. Пікеты вылучэнец  плануе праводзіць штодня на пляцоўках выбарчай акругі.

* * *

Сумесны пікет правацэнтрыскай кааліцыі прайшоў у Гародні. Ля супермаркету „Еўраопт”, недалёк ад чыгуначнага вакзалу, лунаў бел-чырвона-белы сцяг з эмблемай Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі. Пікет выстаўлены ў падтрымку Міколы Баўсюка, лакальнага лідара хрысціянскай дэмакратыі, які вылучаецца ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў ад 52-й выбарчай акругі.

Кажа ўдзельнік пікета, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які прыехаў з Менску, каб падтрымаць свайго аднапартыца.

– Зламаць сцэнар улады. А ўлада хоча зноў сфальсіфікаваць выбары. І выдаць двух-трох нібыта апазіцыйных кандыдатаў, прапушчаных, прызначаных у парламент, за прагрэс для еўрапейцаў. Нашая стратэгія супраць гэтага – вылучыць моцных кандыдатаў. На сённяшні дзень зарэгістравана два кандыдаты ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і сёння мы прысутнічаем разам на пікеце ў падтрымку Міколы Баўсюка. Збіраем подпісы. Зрэшты не столькі за вылучэнне Міколы, колькі за вырашэнне мясцовых праблем. 

У людзей, якія выходзілі з супермаркета, розная рэакцыя на пікет. Некаторыя проста ў сполаху прабягаюць, некаторыя падпісываюцца за прэтэндэнта ад апазіцыі дыктатуры. Пікет праходзіў спакойна. Апрача аднаго моманту, калі вартаўнік крамы паспрабаваў высвятліць прычыны пікету. Нагадаем, што гэта першы пікет у Гародні ад апазіцыйных прэтэндэнтаў на кандыдацтва.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя