Міністр адукацыі: Трэба быць „больш агрэсіўнымі”



Ініцыятары студэнцкіх пратэстаў „карыстаюцца нашай інтэлігентнасцю, нашым спакойным рэагаваннем на розныя выпады”, заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў 14 снежня ў Палаце прадстаўнікоў на сустрэчы членаў маладзёжнага савета пры міністэрстве.

„Можа, нам трэба быць больш агрэсіўнымі”, — сказаў міністр, каментуючы акцыю студэнтаў БДУ супраць увядзення ў ВНУ платных пераздач, якая прайшла 2 снежня ў Менску.

„Пытанні маладзёжнай палітыкі вельмі важныя, — падкрэсліў ён. — Апошнім часам ідзе гэта неспакойная абстаноўка ўсюды ў свеце, і ў нас у краіне, на жаль, гэта адбіваецца. Гэта гаворыць аб тым, што трэба надаваць больш увагі маладзёжнаму асяроддзю не толькі мерапрыемствамі культурна-забаўляльнага плана, прысвечанымі бытавым праблемам, але і незвычайна важныя цяпер пытанні, звязаныя з палітыкай, сацыяльнай сферай, у тым ліку працай у інтэрнэце”.

„Гэты рух незразумелы, які нібыта называецца „Студэнты супраць”, але там студэнтаў фактычна няма. Вось як на яго рэагаваць і што нам рабіць, думаю, таксама варта падумаць аб гэтай праблеме”, — заявіў Жураўкоў.

На яго думку, у маладзёжным асяроддзі, у тым ліку студэнцкім, дастаткова развітая сацыяльная інфантыльнасць. „Гэта значыць вы мяне не кранайце, няхай хтосьці іншы робіць, але калі мне штосьці трэба, я буду патрабаваць: вы мне дайце, вы мяне забяспечце, я яшчэ крытыкую, я яшчэ і выкажу ў хамскай форме. Таксама трэба неяк на гэта рэагаваць”, — сказаў міністр.

Варта адзначыць, што перад пачаткам пасяджэння Жураўкоў адказаў адмовай на просьбу журналістаў пракаментаваць студэнцкія акцыі пратэсту, але закрануў гэту тэму падчас выступлення.

belapan.by