Міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ наведалі Глыбокае



Міжнародныя назіральнікі з Фінляндыі ад Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў  Еўропе наведалі Глыбокае, каб азнаёміцца з ходам выбарчай кампаніі. Пад час свайго візіту яны сустрэліся і з кандыдатам у дэпутаты Змітром Лупачам. Назіральнікі цікавіліся асабістымі звесткамі пра кандыдата, ходам выбараў і агітацыйнай кампаніяй.

ff2d2fe3b7811bf3542ac4e93a2d1917012cc0a64dc2af1cf3pimgpsh_fullsize_distr

Паводле Змітра Лупача, міжнародных назіральнікаў здзівіла пасіўнасць кандыдатаў падчас агітацыйнай кампаніі па Докшыцкай акрузе:

— Актыўнасць невялікая, бо ў нас няма шанцаў. Каб была можа хоць адна сотая адсотка, што ты туды трапіш, але нават і такой упэўненасці няма, бо ўсе загадзя ведаюць, хто там будзе. Таму, як казала адна жанчына ў аўтобусе: у нас пераводзяць у дэпутаты, а не выбіраюць.

Па словах Змітра Лупача, міжнародным назіральнікам ён распавёў пра свой удзел у сёлетніх выбарах і пра досвед удзелу ў выбарчых кампаніях з 1994 года. Таксама ён казаў пра тое, што з дапамогай АБСЕ ды беларускага народа трэба дамагацца таго, каб у Беларусі быў празрысты падлік галасоў. Бо пакуль не будзе празрыстага падліку галасоў выбаршчыкаў, выбары будуць несумленнымі і праходзіць па адным і тым жа сцэнары.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае