МЗС: Беларусь спадзяецца на падпісанне асобнага гандлёвага пагаднення з ЕЗ



У перспектыве Беларусь спадзяецца на падпісанне асобнага гандлёвага пагаднення з Еўразвязам. Пра гэта 13 кастрычніка ў Менску заявіў журналістам першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка ў рамках першага раўнда гандлёвага дыялогу паміж Беларуссю і ЕЗ, які праходзіць у Менску.

ЕЗ Беларусь

„Падпісаннем сёння нашай дамоўленасці аб гандлёвым дыялогу мы, відавочна, не заканчваем доўгі шлях у нашых гандлёвых адносінах. Мы лічым, што, наадварот, гэты дакумент з’яўляецца першым крокам на шляху фарміравання сучаснай і зразумелай, празрыстай дагаворна-прававой базы ў нашых адносінах, — заявіў Еўдачэнка. — У ідэале ў перспектыве мы хацелі б падпісаць або асобнае гандлёвае пагадненне з Еўрапейскім звязам, або гандлёвую частку ў рамках новага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве”.

Першы намеснік кіраўніка МЗС нагадаў, што дамоўленасць аб кансультацыях у фармаце гандлёвага дыялогу была дасягнута ў красавіку 2016 года на першым пасяджэнні каардынацыйнага савета Беларусь—ЕЗ. „Я вельмі рады, што мы разам з нашымі еўрапейскімі партнёрамі стрымалі слова і пачалі такі важны фармат нашага супрацоўніцтва. Наш дыялог нацэлены на тое, каб зняць нашы ўзаемныя праблемы і пабудаваць новы якасны ўзровень гандлёвых адносін — гэта вельмі важна для нашага бізнесу”, — адзначыў Еўдачэнка.

Ён нагадаў, што на долю Еўразвяза прыпадае прыкладна 30% беларускага знешнегандлёвага абароту. За сем месяцаў гэтага года ён склаў 7,6 млрд даляраў, пры гэтым імпарт у Беларусь склаўся на ўзроўні 4,1 млрд.

belapan.by