МЗС: Беларускіх грамадзян сярод пацярпелых у Тайландзе няма



Беларускіх грамадзян сярод пацярпелых у выніку серыі выбухаў у Тайландзе няма, паведаміў БелаПАН другі сакратар пасольства Беларусі ў Сацыялістычнай Рэспубліцы В’етнам (акрэдытаванае і ў Каралеўстве Тайланд) Дзмітрый Гіль. Ён адзначыў, гэта папярэдняя інфармацыя, якую пасольства ўдакладняе.

Звестак пра колькасць беларускіх грамадзян у Тайландзе пасольства не мае, дадаў другі сакратар.

Каментуючы сітуацыю ў Тайландзе ў цэлым, дыпламат адзначыў, што „нейкія высновы рабіць заўчасна, неабходна дачакацца афіцыйнай версіі здарэння”.

Згодна з паведамленнямі СМІ, позна ўвечары 11 жніўня і рана раніцай 12-га ў розных гарадах Тайланда прагрымелі восем выбухаў, ахвярамі якіх сталі не менш як чатыры чалавекі, прыблізна 30 атрымалі раненні. Сярод параненых ёсць турысты з краін Заходняй Еўропы.

Тэракты адбыліся ў турыстычным раёне Хуа-Хіна і на Пхукет. Гэтыя курорты папулярныя ў першую чаргу ў мясцовых жыхароў, адзначыў Гіль.

Ён паведаміў, што ў выпадку надзвычайнай сітуацыі ў Тайландзе беларускія грамадзяне могуць звяртацца ў пасольства Беларусі ў В’етнаме, патэлефанаваўшы па кругласутачным номеры гарачай лініі і экстраннай сувязі +(84)90-620-5545.

Па дапамогу можна таксама звяртацца ў пасольства Расійскай Федэрацыі ў Тайландзе. „Адтуль ўся інфармацыя будзе паступаць да нас у пасольства. У сувязі з тым, што мы знаходзімся за аддаленні, пасольства Расійскай Федэрацыі на аснове ўзаемнасці аказвае дапамогу нашым грамадзянам у Тайландзе”, — адзначыў беларускі дыпламат.

Тым часам пасольства Расіі ў Тайландзе размясціла на сваім сайце інфармацыю аб тым, што рэкамендуе расіянам, якія знаходзяцца на тэрыторыі каралеўства, не пакідаць месцаў свайго пражывання, устрымлівацца ад выхаду ў горад без асаблівай неабходнасці, быць надзвычай асцярожнымі, пазбягаць месцаў збору людзей і няўхільна выконваць патрабаванні афіцыйных уладаў.